У Сейме Літвы зарэгістравалі папраўкі ў закон, якія абмяжоўваюць выдачу дазволу на часовае жыхарства беларусам

Вільня, вежа Гедзіміна

Папраўкі ў заканадаўства, якія прадугледжваюць абмежаваньне выдачы беларусам дазволу на часовае жыхарства, зарэгістраваныя 4 сьнежня ў Сейме Літвы, паведамляе літоўскае бізнэс-выданьне Ver­s­lo žin­ios.

Зьмены ў закон пра абмежавальныя меры ўнесьлі намесьнік сьпікера парлямэнту Паўлюс Саўдаргас, старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас і яго калега Аўдронюс Ажубаліс, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Папраўкі прадугледжваюць, што «вонкавыя выканаўцы паслугаў за мяжой» спыняць прыём ад беларускіх грамадзянаў заяваў на атрыманьне дазволу на часовае жыхарства у Літве. Вынятак прапануецца для беларусаў, якія мерацца працаваць у высокакваліфікаваных прафэсіях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар эканомікі Літвы: Узмацненьне жорсткасьці абмежаваньняў можа нэгатыўна адбіцца на рэлякаваным беларускім бізнэсе

«Ініцыятары адзначаюць, што абмежаваньне будзе распаўсюджвацца толькі на першыя дазволы на часовае жыхарства, гэта значыць на тых, хто толькі прыбыў, — адзначае выданьне. — Пры гэтым дзейныя работнікі, якія ўжо атрымалі дазвол на часовае жыхарства ў Літве, змогуць мяняць яго без абмежаваньняў».

Абмежаваньні таксама не стасуюцца грамадзянаў, якія «маюць візу Літвы ці іншай дзяржавы Шэнгенскай зоны», а таксама на людзей, якія «ратуюцца ад перасьледу і рэпрэсіяў з боку рэжыму» і атрымалі візу пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных справаў.

«У дадатак да прапанаванага ўзмацненьня абмежаваньняў расейскія і беларускія дэмакраты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці змогуць зьвяртацца па нацыянальную візу з гуманітарных меркаваньняў праз вонкавага выканаўцу паслугаў за мяжой пры пасярэдніцтве МЗС», — адзначана ў матэрыяле.

Закон пра абмежавальныя меры, зьвязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці й іншымі пытаньнямі, прыняты сёлета ў красавіку. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны для беларусаў, большасьць санкцыяў закранула расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы ня бачыць падстаў, каб скасоўваць абмежаваньні для грамадзян Беларусі і Расеі

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта і прапанаваў парлямэнту ўвесьці аднолькавыя абмежаваньні для беларусаў і расейцаў. Сейм адхіліў вэта і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы. Наўседа пазыцыю не зьмяніў, але на восеньскую сэсію Сейму пытаньне пра ўніфікацыю абмежавальных мераў не выносіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пасьля заявы аб дзейнасьці КДБ зноў заклікаюць да ўніфікацыі санкцыяў супраць расейцаў і беларусаў

У канцы лістапада міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце заявіла аб неабходнасьці зноў абмеркаваць уніфікацыю абмежаваньняў для грамадзян Расеі і Беларусі.

«Мяркую, што варта вярнуцца да гэтых дыскусіяў і яшчэ раз пагаварыць з парлямэнтарамі, бо ёсьць новыя абставіны, якія неабходна ацаніць. Гэтыя дыскусіі працягваюцца, асабліва пасьля таго, як Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі публічна падаў грамадзкасьці свае аргумэнты, паказваючы рэальныя пагрозы», — цытаваў міністарку партал delfi.lt.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы: «8 з 10 беларусаў у краіне — эканамічныя мігранты»

Напачатку сьнежня за ўніфікацыю ўмоваў міграцыі беларусаў і расейцаў выказаўся кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс. Ён адзначыў, што абсалютная бальшыня беларусаў, якія пераехалі ў Літву апошнім часам, — эканамічныя мігранты, а не палітычныя апанэнты Лукашэнкі ці тыя, хто ёсьць пагрозаю для дзейных уладаў там.

  • Сейм Літвы сёлета ў красавіку ўхваліў закон, які прадугледжвае абмежавальныя захады для грамадзян Беларусі і Расеі, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці і гэтак далей. На этапе разгляду дакумэнту абмежаваньні для беларусаў крыху зьмякчылі, большасьць санкцыяў закранула расейцаў.
  • У прыватнасьці, гаворка ідзе пра абмежаваньні магчымасьці атрыманьня літоўскай візы і статусу электроннага рэзыдэнта. Для расейцаў дзейнічаюць дадатковыя абмежаваньні ў выглядзе забароны на набыцьцё маёмасьці і падачы заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Літве.