Аляксандар Лукашэнка анансаваў свой візыт у Дубай на канфэрэнцыю ААН аб зьмене клімату. Гэта будзе ягоны другі візыт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Мяркую, што на саміце аб клімаце, які адбудзецца неўзабаве ў Дубаі, сустрэнуся з прэзыдэнтамі асобных афрыканскіх дзяржаваў і дамоўлюся зь імі аб перамовах і пры патрэбе — аб візытах у афрыканскія краіны», — цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку з нарады, якую ён правёў зь кіраўніцтвам ураду і сваёй адміністрацыі.
Сёлета Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў рашэньні аб выхадзе Беларусі зь дзьвюх экалягічных канвэнцый — Оргускай (аб удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, доступе да інфармацыі й правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ініцыяванай Эўрапейскай эканамічнай Камісіяй ААН) і Бэрнскай (аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісаную ў 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь спыняе ўдзел у Орхускай канвэнцыі. Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказАпроч таго, Лукашэнка паведаміў, што зімой зробіць шэраг замежных візытаў, якія праз «напружаны год» перанесьлі на зімовы пэрыяд. Згадаў Зымбабвэ, Мазамбік, Экватарыяльную Гвінэю, Кітай і Турэччыну.
Пасьля 24 лютага 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, ён зрабіў усяго некалькі візытаў за межы Беларусі і СНД, у тым ліку сёлета студзені ў Зымбабвэ, у сакавіку ў Іран, у верасьні — у Гвінэю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь дэнансавала яшчэ адну міжнародную канвэнцыю ў сфэры аховы прыроды