У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі неафіцыйна пацьвердзілі, што ў дзіцячай інфэкцыйнай лякарні ў Менску памерла дзяўчынка. Прычынаю называюць анафіляктычны шок. Абставіны высьвятляе сьледзтва, піша выданьне «Люстэрка».
Журналістка выданьня патэлефанавала на прамую лінію Мінздароўя з пытаньнем пра інцыдэнт у дзіцячай інфэкцыйнай лякарні, пра які «Люстэрку» на мінулым тыдні распавёў чытач. Ён сьцьвярджаў, што там нібыта «загінулі двое дзяцей і яшчэ некалькі ў цяжкім стане», а прычынай магло стаць падвышанае ўтрыманьне калію ў фізрастворы.
На прамой лініі Мінздароўя паведамілі, што ў лякарні памерла адна дзяўчынка, у яе здарыўся анафіляктычны шок (вострая алегрічная рэакцыя на прэпарат — рэд.):
«Сьледзтва ідзе не наконт лекарскай памылкі, а акурат для таго, каб пацьвердзіць, што яе не было. Гэта стандартны клясычны момант. І ў страху вочы вялікія. Насамрэч, сапраўды адбылася непажаданая рэакцыя на лекавы прэпарат, быў анафіляктычны шок. І так здарылася з дзяўчынкаю. Але там былі іншыя пытаньні, яна не была зусім здаровая».
У міністэрстве таксама адзначылі, што пра выпадак ходзіць «вельмі шмат чутак» (у прыватнасьці чуткамі назвалі інфармацыю пра дзьве сьмерці) і што, паводле папярэдніх дадзеных сьледзтва, лекары не вінаватыя:
«Пра тое, што даюць ня тыя прэпараты, дакладна не было. Папярэдняя выснова сьледзтва — дапамога надавалася ў поўнай адпаведнасьці з патрабаваньнямі».
Адзін з супрацоўнікаў бальніцы, зь якім пагутарыла выданьне пасьля паведамленьня чытача, сказаў, што прычынай пагаршэньня стану дзяцей мог стаць калій. Праўда, паводле яго словаў, справа ў тым, што дзецям нібыта паставілі кропельніцы з каліем замест глюкозы, пераблытаўшы ўпакоўкі, якія цяпер вырабляюць аднаго колеру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці вырашыць новы закон праблему недахопу лекараў? Спыталіся ў мэдыкаў і былой студэнткі