Нязапіс на прыём. Як чыноўнікі перашкаджаюць людзям сустракацца са сваім начальствам

Старшыня Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Бандарэнка праводзіць прыём грамадзян. Ілюстрацыйнае фота

Адна з «формаў працы з насельніцтвам» у Беларусі — прыёмы грамадзян начальнікамі. Цяпер чыноўнікі сталі чыніць людзям перашкоды ў гэтым. Што ж адбываецца?

Адна з «формаў працы з насельніцтвам» у Беларусі — прыёмы грамадзян начальнікамі. Цяпер чыноўнікі сталі чыніць людзям перашкоды ў гэтым. Што ж адбываецца?

У сярэдзіне лістапада праваабаронцы «Вясны» падзяліліся навіной — жыхар Мазыра Ўладзімір Целяпун пайшоў на асабісты прыём грамадзян да старшыні Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча і прапаў. Замест райвыканкаму, дзе адбывалася сустрэча зь Міклашэвічам, актывіст трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня. Адтуль Целепуна адпусьцілі праз тры дні. Праваабаронцы з «Гомельскай вясны» зьвязваюць затрыманьне акурат з намерам Целепуна пагаварыць са старшынём Канстытуцыйнага суду.

Свабода пагутарыла зь беларусамі, якія апынуліся ў падобных сытуацыях. Імёны герояў і месцы падзей зьмененыя дзеля бясьпекі, усе зьвесткі ёсьць у рэдакцыі.

Візыт да старшыні райвыканкаму

Аксана жыве ў невялікім райцэнтры і мае даўні канфлікт з адміністрацыяй сярэдняй школы, дзе вучыцца яе дачка. Маладая маці лічыць, што адміністрацыя ставіцца да дачкі перадузята і шукае нагоды, каб забраць яе ў прытулак.

«Ім усё ня так. Яны мяне замучылі праверкамі, камісіямі. Паставілі на ўлік як «сацыяльна небясьпечных» праз мужа-алькаголіка, зь якім я даўно не жыву. Таму і чапляюцца да ўсяго. Ім не падабаюцца нашы ўмовы, што мы жывём вельмі сьціпла. Але я маю заробак каля 300 рублёў — як мне багацей жыць?, — тлумачыць Аксана.

Жанчына кажа, што яе часта выклікаюць на розныя камісіі ў райвыканкаме, выстаўляюць новыя і новыя патрабаваньні. Паклеіць новыя шпалеры, замяніць у хаце падлогу і газавую пліту, купіць новы сьвяцільнік. Аксана кажа, што яна ня п’е, ня курыць, спраўна ходзіць на працу, хоць і атрымлівае там «капейкі».

«На ўсё, чаго яны хочуць ад мяне, я проста не магу адразу знайсьці грошай. Увесь час пагражаюць, што забяруць дзіця. Няўжо ёй у прытулку будзе лепш?» — дзівіцца жыхарка райцэнтру.

Нядаўна ў яе горадзе зьявіўся новы старшыня выканкаму. Аксана вырашыла схадзіць да яго і са свайго боку патлумачыць канфліктную сытуацыю са школай.

«Пры запісе на асабісты прыём выпытваюць імя, прозьвішча, адрас, тэлефон і тое, якую праблему ты хочаш агучыць. Я расказала ўсё, як ёсьць. І мяне запісалі», — кажа Аксана.

Але ў школе, па словах жанчыны, яе чакала «неспадзяванка». Адміністрацыя ўжо ведала пра тое, што яна зьбіраецца на прыём да старшыні. Аксана кажа, што падключыўся і аддзел адукацыі райвыканкаму.

«Яны мяне „дзяўблі“, каб я толькі не ішла на прыём. Прасілі ці патрабавалі, каб адмовілася ад сваёй ідэі. Зноў пагражалі прытулкам. Нават ня ведаю, што я буду цяпер рабіць. Проста страшна за дачку», — кажа жыхарка райцэнтру.

Старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька праводзіць прыём грамадзян. Ілюстрацыйнае фота

Скарга на міліцыю

Жыхар аднаго зь беларускіх гарадоў Міхаіл ужо год вырашае канфлікт з ДАІ, у якім ня лічыць сябе вінаватым. Ён абскардзіў пастановы ДАІ ў вышэйшых органах і судзе. Некаторыя пасьпяхова. Міхаіл кажа, што ДАІ пакарала яго абсалютна незаконна і несправядліва. Меў ён спрэчныя моманты і зь мясцовай міліцыяй, калі яму нясвоечасова давалі адказы адтуль ці слалі адпіскі.

«Набраў я, карацей, кампрамату на нашу міліцыю за гэтыя гады. Я лічу, што закон мусіць працаваць у два бакі, а не ў адзін, як цяпер у нас робіцца. Таму запісаўся на прыём да начальніка зь Міністэрства ўнутраных спраў», — кажа Міхаіл.

Запісваўся ён праз тэлефон, прыём будзе ў райвыканкаме. «Падаў свае зьвесткі, нумар тэлефонны. У мяне ўсё выпытвалі, якую я маю праблему. Але я сказаў, што размаўляць буду з тым начальнікам з МУС, ня зь імі», — дадаў беларус.

Пасьля запісу на прыём у выканкаме Міхаілу пачалі тэлефанаваць зь мясцовага РАУС.

«Выпытвалі, чаго я іду на прыём, якія мае прэтэнзіі, пра што менавіта буду гаварыць, якія я маю дакумэнты. Прасілі прыйсьці да іх. Так што ня ведаю, траплю я ўвогуле на той прыём ці апынуся ў міліцыі ці ў ізалятары. Я проста хачу справядлівасьці і каб вінаватых у тых пастановах, якія незаконныя, пакаралі», — кажа суразмоўца.

«З тымі, хто скардзіцца, разьбіраюцца ідэолягі па месцы працы»

Дзяніс Дашкевіч доўгі час жыў у Рагачове. У 2017 годзе ён узначаліў Дом культуры ў вёсцы Побалава, таму меў сувязі з аддзелам ідэалёгіі і кажа, што добра ведае, як яно ўсё працуе ў райцэнтры і сёньня, хоць сам вымушана выехаў зь Беларусі. Па словах Дашкевіча, на так званыя «прыёмы грамадзян» цяпер людзі ў райцэнтры ходзяць неахвотна, бо баяцца.

Дзяніс Дашкевіч. Архіўнае фота

«Калі ў раённай газэце друкуюць справаздачы аб прыёме грамадзян, то відаць, што на такія прыёмы да мясцовых чыноўнікаў ходзяць 2-4 чалавекі. Ці ходзяць такія „акторы“, калі публічна трэба нешта зрабіць. Напрыклад, улады намерваюцца адрамантаваць дарогу і маюць сродкі. Вось прыходзіць такі „просьбіт“ за менавіта гэтую дарогу. І ўлады тут — раз, і ўсё гатова! Адрэагавалі», — тлумачыць былы актывіст.

Ён кажа, што калі на «прыём грамадзян» едзе высокае начальства з вобласьці ці сталіцы, то за справу бяруцца мясцовыя ідэолягі.

«Бо запісваесься на прыём у райвыканкаме. Там трэба назваць зьвесткі, месца працы. І вось, калі чалавек запісваецца, за яго бярэцца на прадпрыемстве ідэоляг і пачынае адгаворваць ад такога. Маўляў, чаго ты пойдзеш, чаго табе не хапае? Зразумела, людзі адмаўляюцца тады ісьці», — зазначае Дзяніс.

Старшыня Ельскага райвыканкама Віктар Замосьцік прымае ў сваім габінэце мясцовых вяскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота

Ён сочыць за працай суполкі свайго райвыканкаму ў Viber.

«Раней там людзі пісалі, што аўтобус ня ходзіць, дарога разьбітая ці няма вады. Некаторых выклікалі ідэолягі па месцы працы, некаторых нават у міліцыю, дзе папярэджвалі пра адказнасьць за абразу чыноўніка ці дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Яшчэ бывае такое, што здымкі разьбітых дарог і іншага бязладзьдзя з такіх суполак бралі „экстрэмісцкія“ тэлеграм-каналы. Тады людзям казалі, што „ня дай Бог“ здымкі тых разьбітых дарог зьявяцца ў экстрэмісцкіх каналах, то іх могуць пакараць за „садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“. Фактычна забаронена крытыка, любая публічная скарга. Людзей тэрарызуюць. Гэтая дыктатура робіцца крымінальнай», — кажа былы жыхар райцэнтру.

Па словах Дашкевіча, ён ведае выпадкі, калі ідэолягі выклікалі на «разборкі» супрацоўніка мясцовага заводу, які напісаў у суполцы, што на прадпрыемстве затрымалі заробак. Актывіст дадае, што ў Рагачове былі свае «прафэсійныя скаржнікі», якія хадзілі па прыёмах грамадзян. «Але цяпер іх не чуваць і не відаць», — кажа суразмоўца.

Ён лічыць, што перад выбарамі (у лютым 2024-га) ідэалягічная праца будзе ўзмацняцца.

«Ступень запалоханасьці нашых грамадзян расьце. Раней, скажам, не было вады праз аварыю, і людзі пачыналі абурацца ў сацыяльных сетках ці групах. Нядаўна суткі не было вады — і поўная цішыня паўсюль! Нават „раёнка“ не напісала нічога (кшталту „усё пад кантролем, вядуцца работы“). Я так мяркую, што калі чалавек працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, тэлефануе на нумар камунальнай службы і чуе „Ваша размова запісваецца“, то можа і пабаяцца сказаць, што няма вады», — разважае былы актывіст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст: «Новая пастанова ўраду толькі пашырае стары закон аб парадку выезду за мяжу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі ухваліў працэдуру афармленьня выезду для сталага пражываньня за мяжу