Напярэдадні брытанскі ўрад заклікаў адмяніць акцыю пад назвай «Нацыянальны марш за Палестыну», бо мерапрыемства супала зь Днём памяці загінулых — 11 лістапада ў краіне штогод памінаюць усіх, хто загінулі ў войнах з удзелам Вялікабрытаніі.
Цяперашні марш — чацьвёрты пасьля кастрычніцкай атакі палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС супраць Ізраілю (ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і краінах ЭЗ — РС.). Да дзяжурства прыцягнутыя амаль дзьве тысячы паліцыянтаў.
Тры папярэднія такія выступы прайшлі параўнальна мірна — было каля 100 затрыманьняў на сотні тысяч удзельнікаў, у асноўным за выказваньне падтрымкі ХАМАСу, які з Брытаніі забаронены як тэрарыстычная арганізацыя, альбо за транспаранты з абразьлівымі лёзунгамі. Падчас сёньняшняй акцыі затрымалі каля 80 чалавек.
Плякаты ў падтрымку Палестыны
Як паведамлялася, марш закліканы прадэманстраваць падтрымку палестынскаму насельніцтву ад таго часу, як Ізраіль у адказ на атаку пачаў паветраны і наземны наступ у сэктары Газа. ЦАХАЛ ставіць за мэту поўнае зьнішчэньне групоўкі, якая кантралюе сэктар, і яе інфраструктуры. Ізраільскія ўлады ня раз заклікалі цывільнае насельніцтва эвакуявацца на поўдзень тэрыторыі, каб ня стаць «жывымі шчытамі» для экстрэмістаў, і заяўляюць аб садзейнічаньні ў дастаўцы ў рэгіён гуманітарных грузаў.
Удзльнікі маніфэстацыі
- Ахвярамі нападу ўзброеных членаў ХАМАС на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка сталі больш як 1400 чалавек, больш як 200 — узятыя ў закладнікі.
- Многія краіны заклікаюць да спыненьня агню ў Газе, указваючы на тое, што ў выніку бамбардзіровак і наземнай апэрацыі гіне мноства мірных жыхароў. Па дадзеных кантраляванага ХАМАС міністэрства аховы здароўя, колькасьць ахвяраў у сэктары Газа дасягнула 11 тысяч, але незалежных пацьверджаньняў гэтаму няма.
Артадаксальныя габрэі стаяць са сваімі транспарантамі ўздоўж маршруту шэсьця
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36-ы дзень вайны ў Ізраілі: Баі каля бальніцы Аль-Шыфа; Армія абароны Ізраілю заявіла пра ўзяцьце пад кантроль 11 пастоў ХАМАС