Працяг «вайны білбордаў» на мяжы Беларусі і Ўкраіны: украінцы паставілі новыя папярэджаньні для беларусаў

Бел-чырвона-белы сьцяг на ўкраінскім баку зачыненага памежнага пераходу на мяжы зь Беларусьсю. Архіўнае фота

На білбордах, якія разьмясьцілі на ўкраінскім баку закрытага кантрольна-прапускнога пункту, па-расейску напісана: «С рашистами вместе будешь грузом 200».

На мяжы зь Беларусьсю ў Жытомірскай вобласьці зьявіліся новыя білборды, на якіх Сілы абароны Ўкраіны папярэджваюць беларускіх памежнікаў і грамадзян Беларусі аб наступствах у выпадку іхнага далучэньня да Расеі ў вайне супраць Украіны.

На білбордах, якія разьмясьцілі на ўкраінскім баку закрытага кантрольна-прапускнога пункту, па-расейску напісана: «С рашистами вместе будешь грузом 200». Здымкі апублікаваў украінскі вайсковы карэспандэнт Андрэй Цапліенка.

Раней сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведамляў Свабодзе, што такія акцыі Сілы абароны Ўкраіны пачалі ажыцьцяўляць у адказ на інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі беларускіх памежнікаў.

Паводле яго, такія апэрацыі пачаліся пасьля таго, як Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ачоліў Канстанцін Моластаў, які атрымліваў адукацыю ў розных установах ФСБ Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі — гімн Расеі, з Украіны — зварот Ціханоўскай. У Кіеве расказалі аб інфармацыйных апэрацыях на мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зафіксавалі перамяшчэньне вайсковай тэхнікі». Украінскія памежнікі зноў пажартавалі зь беларускіх калег. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы павіншавалі беларускіх памежнікаў з 9 траўня плякатамі пра перамогу над «рашызмам» і гімнам Украіны