Беларусь і Іран правялі першае пасяджэньне камісіі ў вайсковай супрацы. Дамовіліся пра пляны на 2024 год

Першы віцэ-прэзыдэнт Ірану Магамад Махбэр на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 17 кастрычніка 2023 году. Архіўнае фота

Сёлета ў кастрычніку ў Беларусь зь візытам прыяжджаў першы віцэ-прэзыдэнт Ірану Магамад Махбэр. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком ураду Раманам Галоўчанкам.

У Менску адбылося першае пасяджэньне супольнай міжведамаснай камісіі ў вайсковай супрацы Беларусі і Ірана.

Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, беларускую частку камісіі ачольваў першы намесьнік міністра абароны Андрэй Маціевіч, іранскую — начальнік дэпартамэнту міжнародных дачыненьняў Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Ісламскай Рэспублікі Магамад Ахадзі.

«У часе пасяджэньня бакі абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця супрацы Рэспублікі Беларусь і Ісламскай Рэспублікі Іран у вайсковай сфэры, а таксама ўзгаднілі плян супольных мерапрыемстваў на 2024 год», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны.

Сёлета ў кастрычніку ў Беларусь зь візытам прыяжджаў першы віцэ-прэзыдэнт Ірану Магамад Махбэр. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком ураду Раманам Галоўчанкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран прапанаваў Беларусі адмовіцца ад «варожых валют» ва ўзаемным гандлі і выкарыстоўваць «іранскі калідор» для экспарту

Іран шмат гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Прычына — другасныя санкцыі. Беларусь раней асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад гэтыя другасныя заходнія санкцыі. Цяперашняе ўзмацненьне ізаляцыі Беларусі спрыяе новым пашыраным кантактам з Іранам.

Аляксандар Лукашэнка тройчы наведваў Іран — у 1998, 2006 і ў 2023 гадах. У 2004 годзе Менск наведаў прэзыдэнт Ірану Магамад Хатамі, у 2007 годзе — Махмуд Ахмадзінэжад.

У 2015 годзе Лукашэнка сустракаўся з прэзыдэнтам Ірану Хасанам Рухані на саміце BRICS і ШАС, зь ім жа — на саміце ШАС у 2018 годзе, і ў 2019 годзе — на саміце Расеі, Турэччыны і Ірану аб крызісе ў Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім сябруе Беларусь на Блізкім Усходзе? Інфаграфіка

У 2021 годзе Лукашэнка на саміце ШАС сустрэўся з новым прэзыдэнтам Ірану Эбрагімам Раісі. Чакаецца, што налета Раісі наведае зь візытам Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра эканамічныя сувязі Беларусі з Іранам і Вэнэсуэлай