Расея абвясьціла ў вышук судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду, які выдаў ордэры на Пуціна і Львову-Бялову

Уваход у Міжнародны крымінальны суд

Пра тое, што судзьдзю абвясьцілі ў вышук, гавораць зьвесткі з базы міністэрства.

МУС Расеі абвясьціла ў вышук судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Сэрхіё Херарда Ўгальдэ Гадынэса. У арыентыроўцы ведамства ўказваецца, што яго шукаюць па крымінальным артыкуле, але па якім, не ўдакладняецца, піша «Настоящее время».

У сакавіку 2023 году Гадынэс і судзьдзі Тамока Аканэ і Разарыё Сальваторэ Айталі выдалі ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Як растлумачылі ў судзе, ёсьць «разумныя падставы» меркаваць, што прэзыдэнт Расеі нясе за гэта асабістую адказнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія ратыфікавала Рымскі статут МКС, што абавязвае яе арыштаваць Пуціна пры візыце ў краіну

Сьледчы камітэт Расеі раней заявіў, што завёў крымінальную справу супраць судзьдзяў і пракурора Міжнароднага крымінальнага суду аб прыцягненьні загадзя невінаватага да крымінальнай адказнасьці і падрыхтоўцы да нападу на прадстаўніка замежнай дзяржавы, які карыстаецца міжнароднай абаронай.

«Крымінальны перасьлед [супраць Пуціна і Львовай-Бяловай] носіць заведама незаконны характар, бо падстаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці няма», — заявілі ў ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь дапамагае дзецям Данбасу перабудавацца на мірны лад жыцьця», — Марыя Львова-Бялова ў Менску

Тым часам пастанова суду ў Гаазе дзейнічае бестэрмінова і можа датычыцца любога чалавека, у тым ліку кіраўніка дзяржавы. Аднак Міжнародны крымінальны суд не выносіць завочных прысудаў. Гэта значыць, што для судовага разбору падсудны фізычна павінен знаходзіцца ў зьняволеньні ў Гаазе.

Цяпер Пуцін ня можа выяжджаць у краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, і ў краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду. А гэта 123 дзяржавы. Гэта ўсе краіны Эўропы, уся Паўднёвая Амэрыка, Таджыкістан, Афганістан, Бразылія, Паўднёвая Афрыка, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Нігерыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка перадаў у Гаагу новыя доказы датычнасьці Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей