Кнігу пра пінскія балоты намінавалі на прэмію гістарычнай кнігі году ў Польшчы

Ваколіцы Пінску. 1936 год.

Гістарычную прэмію імя Казімежа Мачарскага штогод уручае горад Варшава. Дзесяць галоўных канкурэнтаў журы сёлета выбрала са 104 кніг, дасланых на конкурс.

Сярод намінантаў — кніга «Пінскія балоты. Прырода, веды і палітыка на польскім Палесьсі да 1945 году». («Pińskie błota. Natura, wiedza i polityka na polskim Polesiu do 1945 roku»). Яе аўтар — гісторык, прафэсар Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Славомір Лотыш.

Гэта першая манаграфія па гісторыі міжваеннай Польшчы (частка беларускага Палесься ўваходзіла ў склад Польшчы ў 1921–1939 гадах. — РС), сьвядома напісаная з экалягічнай пэрспэктывы.

«Пра Палесьсе пісалі так, быццам яно нічым не адрозьнівалася ад іншых краёў. Аднак там усё выглядала па-іншаму — сена зьбіралі па калена ў балоце, гандлявалі проста з лодкі на пінскім рынку, а цэнтральная частка Палесься на некалькі месяцаў у годзе ператваралася ва ўнутранае мора. Славомір Лотыш паспрабаваў перапісаць міжваенную гісторыю гэтай зямлі, узяўшы за пункт адліку паўсюдныя балоты. У той час, як ён сьцьвярджае, пляны іх асушэньня былі галоўным элемэнтам палітыкі дзяржавы ў адносінах да ўсходніх зямель, бо толькі асушэньне Палесься адкрывала шлях да яго калянізацыі», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

Кніга "Пінскія балоты"

Кнігу хваляць за тое, што, нягледзячы на яе навуковасьць, яна напісаная жывой і багатай эсэістычнай мовай, якая прыцягвае чытача зь першай старонкі і стварае захапляльнае чытаньне да апошняй.

Прэмія імя Мачарскага — гэта адна з найважнейшых гістарычных прэмій краіны. Яна ўшаноўвае памяць Казімежа Мачарскага, журналіста і юрыста, дэмакрата, жаўнера Арміі Краёвай, які пасьля вайны 11 гадоў адбыў у зьняволеньні ў камуністаў. Ён быў аўтарам «Размоў з катам» — гэта запісы гутарак зь Юргенам Стропам, ліквідатарам Варшаўскага гета, зь якім ён дзяліў адну турэмную камэру ў варшаўскім раёне Макотаў.

Пераможца стане вядомы 26 лістапада. Ён атрымае каля 12 тысяч даляраў грашовай узнагароды і статуэтку.