Сузаснавальніцы Беларускага Свабоднага тэатра Натальлі Калядзе ўручылі Ордэн Брытанскай імпэрыі. Фатафакт

Натальля Каляда падчас уручэньня Ордэну Брытанскай імпэрыі

Сузаснавальніцы Беларускага Свабоднага тэатра Натальлі Калядзе ўручылі Ордэн Брытанскай імпэрыі (МВЕ) за ўнёсак у разьвіцьцё тэатру.

Фота з урачыстай цырымоніі ўвечары 3 лістапада апублікаваў у сваім тэлеграм-канале муж Натальлі Каляды, драматург і сузаснавальнік тэатра Мікалай Халезін.

«Людзі, якіх прысьвячаюць у ордэн Брытанскай імпэрыі адзначаюцца за выдатныя заслугі, асабістую адвагу, іх службу Вялікай Брытаніі і дзейнасьць па сьвеце, —адзначыў Халезін. — Сьпісы публікуюцца двойчы на год: на Новы год і Дзень нараджэньня манарха».

Пра тое, што Натальля Каляда і Мікалай Халезін уганараваныя званьнямі чальцоў ордэна, стала вядома 17 чэрвеня.

Халезіну ўзнагароду ўручаць 24 студзеня 2024 году.

Ордэн Брытанскай імпэрыі — рыцарскі ордэн, заснаваны брытанскім каралём Георгам V 4 чэрвеня 1917 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Казалі, што мы вярнулі веру ў рыцарскія ўзнагароды». Халезін і Каляда пра тое, як Ордэн Брытанскай Імпэрыі дапаможа змагацца з дыктатурай

Беларускі Свабодны тэатар быў заснаваны ў Беларусі ў 2005 годзе. Цяпер ён базуецца цяпер у Лёндане і, як адзначаецца на сайце тэатру, «зьяўляецца адзіным тэатрам у Эўропе, забароненым урадам па палітычных матывах».

Тэатар адзначаны такімі ўзнагародамі, як Прэмія Францускай Рэспублікі па правах чалавека (2007 год), Прэмія Атлянтычнай рады (2011 год) і Прэмія Вацлава Гавэла за творчае іншадумства (2018 год).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Свабодны тэатар стаў ляўрэатам узнагароды Remake a World 2022 за свабоду творчасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін: «Мы хочам стварыць глябальны беларускі прадукт»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася за кулісамі «Дзікага паляваньня караля Стаха». Адзін дзень з стваральнікамі опэры і таямніцы пастаноўкі ў Лёндане
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Опэра «надзвычай амбіцыйная, падкрэсьлена правакацыйная і натхняльна творчая». Водгукі на «Караля Стаха» вядучых брытанскіх СМІ