Колькасьць ахвяр на шахце ў Казахстане вырасла да 45 чалавек. У краіне дзень жалобы

КПП на шахце ім.Кастэнкі

29 кастрычніка ў Казахстане абвешчаны дзень жалобы па шахтарах, якія загінулі ў выніку пажару ў вугальнай шахце ў Карагандзінскай вобласьці.

Пажар стаў самым трагічным здарэньнем у постсавецкай гісторыі краіны, піша казаская служба Радыё Свабода.

Па стане на 19.30 мясцовага часу колькасьць загінулых вырасла да 45, паведамілі ўлады 29 кастрычніка, дадаўшы, што працягваецца пошукава-выратавальная апэрацыя. Невядомым застаецца лёс яшчэ аднаго чалавека, які лічыцца зьніклым бязь вестак.

«Пошукавая апэрацыя абцяжарана разбураным кар’ерным абсталяваньнем, а таксама месцамі завалаў», — гаворыцца ў паведамленьні МНС.

Ратавальнікі шукаюць шахтароў на двух участках шахты на адлегласьці 4 кілямэтраў адзін ад аднаго.

Прыблізна 252 чалавекі знаходзіліся пад зямлёй на шахце імя Кастэнкі, калі раніцай 28 кастрычніка адбыўся пажар, паведаміла апэрацыйная кампанія ArcelorMittal, другі па велічыні вытворца сталі ў сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры пажары на шахце ў Казахстане загінулі сама меней 32 шахтары, пошукі яшчэ 14 чалавек працягваюцца

Улады заявілі, што пасьля ўзьнікненьня пажару паступіў загад аб эвакуацыі, але выбух адбыўся раней, чым многія рабочыя змаглі пакінуць месца. Выбух адчуваўся больш чым за 2 кілямэтры, паведаміў супрацоўнік ратавальнай службы Генадзій Сілінскі.

Урад Казахстану 28 кастрычніка пацьвердзіў нацыяналізацыю мясцовай філіі мэталюргічнага гіганту ArcelorMittal Temirtau, які кіруе найбуйнейшымі мэталюргічнымі заводамі краіны і некалькімі вугальнымі і руднымі шахтамі.

Прэм’ер-міністар Казахстану Аліхан Смаілаў заявіў у заяве, што ўрад дасягнуў папярэдняй дамоўленасьці з акцыянэрамі кампаніі і зараз знаходзіцца ў працэсе «афармленьня» нацыяналізацыі.

Кампанія ArcelorMittal пацьвердзіла, што падпісала «папярэдняе пагадненьне аб зьдзелцы, якая прадугледжвае перадачу права ўласнасьці Рэспубліцы Казахстан».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане на жанчыну, якая грэбліва выказалася пра казаскую мову, завялі справу аб распальваньні варожасьці. Што ёй пагражае
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давядзецца скарачаць штат і заробкі». Што адбываецца зь «Беларуськаліем» праз год пасьля ўвядзеньня забароны на літоўскі транзыт