«Каб дэкалянізаваць тэрыторыю, трэба спачатку дэкалянізаваць мысьленьне», — Ціханоўская на міжнароднай канфэрэнцыі ў Хэльсынкі

Сьвятлана Ціханоўская, ілюстрацыйнае фота

25 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская адкрыла сваім відэазваротам міжнародную канфэрэнцыю ў Хэльсынкі «Дэкалянізацыя прасторы на глябальным Усходзе».

Канфэрэнцыя праходзіць 25–27 кастрычніка ў Хэльсынскім унівэрсытэце (Фінляндыя). Сёлета яна засяроджаная не на Расеі, як у папярэднія гады, а на адносінах унутры і паміж былымі камуністычнымі «краінамі Глябальнага Ўсходу» — маецца на ўвазе рэгіён, які быў названы пост/ -савецкім, -сацыялістычным, -камуністычным, -імпэрскім, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

«Каб дэкалянізаваць тэрыторыю, трэба спачатку дэкалянізаваць мысьленьне. Беларусы масава дэкалянізавалі сваё мысьленьне ў 2020 годзе. Яны раптам адкрылі для сябе сваю нацыянальную культуру. Нацыянальную гісторыю. Нацыянальныя сымбалі. І нацыянальны гонар. Усе тыя галіны, у якіх, як шмат каму здавалася, мы саступалі Расеі. Нас вучылі саромецца сябе, але мы ўсьвядомілі, што мы вартыя павагі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу.

Яна адзначыла, што працэс «дэкалянізацыі Беларусі быў перапынены жорсткім гвалтам з боку Расеі» і з таго часу «мы бачым адваротны працэс: паўторную калянізацыю».

«Гэта тысячы палітвязьняў, сотні тысяч у эміграцыі. Гэта азначае напаўафіцыйную забарону беларускай мовы, беларускай літаратуры і гісторыі ў школах. Гэта азначае палітычную ўзброенасьць царквы. Гэта азначае далейшую русыфікацыю і паўсюдную прапаганду вайны», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка апынуўся на электрычным крэсьле, пульт ад якога ў руках беларускага грамадзтва», — украінскі палітоляг Саак’ян

На думку Ціханоўскай, Расея разглядае Беларусь і Ўкраіну як «калёніі, якія трэба вярнуць імпэрыі любымі сродкамі і любой цаной». У той жа час дэмакратычная лідэрка Беларусі выказала ўпэўненасьць, што «паўторная калянізацыя не атрымаецца», бо «дэкалянізацыя мысьленьня незваротная, і 2020 год зьмяніў беларусаў назаўжды».

«Сёньня ў нас нарэшце ёсьць Вялікая беларуская мара. І імя гэтай мары — Эўропа», — падкрэсьліла Ціханоўская ў сваім выступе і выказала спадзяваньне, што гэтая мара «рана ці позна стане рэальнасьцю».

На канфэрэнцыі будуць разглядаць канцэпцыю і траекторыі выбару ў дачыненьні да палітычных трансфармацый унутры краін Глябальнага Ўсходу і паміж імі. Многія дасьледаваньні прысьвечаныя непазьбежнасьці пэўных працэсаў, якія не пакідаюць месца для разважаньняў аб свабодзе волі.

Удзельнікі канфэрэнцыі паспрабуюць вывучыць розныя фактары і іх камбінацыі, якія паўплывалі на пэўныя юрыдычныя рашэньні, зробленыя былымі камуністычнымі краінамі Глябальнага Ўсходу: рашэньні, якія прывялі Расею да нападу на Ўкраіну; выбар, які ляжыць у аснове традыцыйных каштоўнасьцяў; парушэньні правоў чалавека; выбар і трансфармацыя практыкі турэмнага зьняволеньня.

Праграму канфэрэнцыі можна паглядзець тут.