Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на дзяржаўныя іранскія СМІ. Паводле зьвестак агенцтва Tasnim, лекары клінікі, дзе ўтрымлівалася Гераванд, прыкладалі ўсе намаганьні, каб выратаваць дзяўчыну.
Як піша «Настоящее время», дзяўчыну затрымалі 1 кастрычніка 2023 году на станцыі мэтро за тое, што яна была без хіджаба.
Як паведамляла іранска-курдзкая праваабарончая арганізацыя Hengaw, паліцыянты фактычна напалі на Гераванд, яна атрымала сур’ёзныя траўмы і ў выніку ўпала ў кому. Па словах крыніцы праваабаронцаў, у шпіталі дзяўчыну ахоўвалі супрацоўнікі службы бясьпекі Ірану. Да яе не пускалі наведнікаў, у тым ліку сям'ю і сваякоў. Акрамя таго, сілавікі затрымалі журналістку, якая прыехала ў шпіталь, каб здымаць рэпартаж.
Улады Ірану адмаўлялі абвінавачаньні ў паліцэйскім гвалце і сьцьвярджалі, што Гераванд сама страціла прытомнасьць. Дзяржаўныя СМІ паказалі інтэрвію зь яе бацькамі, дзе яны паўтараюць гэтую вэрсію. Аднак маці Гераванд падкрэсьлівае, што ня ўпэўнена ў гэтым: «Я думаю, што ў маёй дачкі ўпаў ціск, я ня вельмі ўпэўнена, але, здаецца, яны сказалі, што ціск упаў». На думку праваабаронцаў, на бацькоў Гераванд націснулі ўлады.
Іранскае дзяржаўнае агенцтва IRNA паказала запіс з камэры відэаназіраньня на станцыі, дзе адбыўся інцыдэнт. На ім відаць, як Гераванд зь дзьвюма сяброўкамі заходзіць у цягнік, пасьля чаго яе амаль адразу выносяць без прытомнасьці на плятформу. Кадраў, на якіх зафіксавана тое, што адбываецца ў цягніку, няма.
- У верасьні 2022 году ў Тэгеране памерла іранская актывістка Махса Аміні. Гэтак жа, як і Гераванд, яна трапіла ў лякарню пасьля таго, як яе затрымала паліцыя нораваў за адсутнасьць хіджабу. Пасьля сьмерці Аміні па ўсёй краіне прайшла хваля пратэстаў, і ў выніку паліцыя нораваў каля дзесяці месяцаў не праводзіла патрулі. Яны вярнуліся на вуліцы Ірану ў ліпені 2023 году.
- Сёлета прэмія імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» — галоўная ўзнагарода Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека — прысуджана Махсе Аміні і іранскаму руху пратэсту «Жанчыны. Жыцьцё. Свабода».