Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт назваў ляўрэатаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі»


Партрэт Махсы Аміні на адным з іранскіх пратэстаў
Партрэт Махсы Аміні на адным з іранскіх пратэстаў

Прэмія імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» — галоўная ўзнагарода Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека — прысуджана загінулай у Іране 22-гадовай Махсе Аміні і іранскаму руху пратэсту «Жанчыны. Жыцьцё. Свабода».

Махсу Аміні затрымала іранская паліцыя ў верасьні 2022 году па абвінавачаньні ў неналежным нашэньні хіджабу. З пастарунку дзяўчыну даставілі ў шпіталь, дзе яна памерла празь некалькі дзён. Сваякі Аміны мяркуюць, што прычынай яе сьмерці стала зьбіцьцё сілавікамі. Пасьля яе сьмерці ў Іране пачаліся акцыі пратэсту пад лёзунгам «Жанчыны, жыцьцё, свабода».

Прэмія для Аміні і руху «Жанчыны, жыцьцё, свабода» зьяўляецца «прызнаньнем іх мужных намаганьняў па абароне правоў жанчын», заявіў раней кіраўнік камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту Дэвід Макалістэр. Паводле яго слоў, Эўрапарлямэнт «падтрымлівае ўсіх, хто прысьвячае сваё жыцьцё абароне дэмакратычных каштоўнасьцяў ва ўсім сьвеце».

Летась прэмію атрымаў «мужны народ Украіны» ў асобе яе прэзыдэнта, абраных лідэраў і грамадзянскай супольнасьці.

Прэмія Сахарава была зацьверджана Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе і прысуджаецца за «выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека ва ўсім сьвеце». Названа ў гонар савецкага праваабаронцы і дысыдэнта Андрэя Сахарава.

Раней прэмію Сахарава тройчы ўручалі беларусам.

У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-м — экс-кандыдат у прэзыдэнты краіны Аляксандар Мілінкевіч, а ў 2020-м — дэмакратычная апазыцыя Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG