Навіны палітвязьняў: Дзьмітрыеў у калёніі выконвае працоўную норму і вучыцца пісаць левай рукой

Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў піша з калёніі: «Муракамі, Фройд і П’юза з „Хросным бацькам“ сталі тут маёй кампаніяй».

Андрэй Дзьмітрыеў — адзіны зь пяці кандыдатаў на прэзыдэнта на выбарах 2020 году, які цяпер знаходзіцца за кратамі.

«Вучыцца пісаць левай рукой»

«Агульная сытуацыя ў яго такая: прайшоў праз рознае, але цяпер справы наладжваюцца. Ён прызвычаіўся, да яго прызвычаіліся. Працуе на вытворчасьці па здабычы каляровых мэталаў з кабэляў — ачышчаюць старыя драты ад ізаляцыі. Наколькі ведаю, гэтым шмат у якіх калёніях займаюцца, вось і яму такая праца дасталася. Праца нялёгкая, але ён чалавек працавіты, карпатлівы, асвоіў і гэтую. Плян выконвае», — расказала крыніца.

Паводле былога калегі Андрэя Дзьмітрыева, той пры дапамозе рэгулярных фізычных практыкаваньняў падтрымлівае добрую фізычную форму, у вольны час шмат чытае і займаецца самаўдасканаленьнем.

«Схуднеў, але адчувае сябе нармальна, на здароўе ня скардзіцца. Падцягваецца на турніку, адціскаецца, займаецца гімнастыкай. У вольны час шмат чытае, вучыцца. Там добрая бібліятэка, дык ён гэта выкарыстоўвае як мага лепей. Зь беларускіх кніг прачытаў «Мову» Марціновіча і кнігі Горвата, шмат чытае замежнай літаратуры, прычым ня толькі мастацкай. Паведаміў паўжартам, што цяпер Муракамі, Фройд і П’юза з „Хросным бацькам“ сталі там ягонай кампаніяй. Яшчэ ведаем, што Андрэй займаецца самаўдасканаленьнем: вучыцца пісаць левай рукой. Навошта яму гэта, невядома, але вось ён такі. Таксама па самавучках вучыцца шахматам і вывучае гішпанскую мову. Карацей, максымальна карысна ўжывае час, які даводзіцца пражываць за кратамі. Яму выходзіць на волю ў красавіку налета. Ягоная каманда мяркуе, што зь ім усё будзе добра», — падзяліўся зьвесткамі пра Андрэя Дзьмітрыева ягоны сябра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Дзьмітрыева завялі крымінальную справу, яго вінавацяць у сустрэчы з Гілары Клінтан і 599 перасячэньнях дзяржаўнай мяжы

«У нашы справу моцна веру»

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў быў затрыманы ў студзені 2023 году. Палітыка абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых пратэстах, а таксама ў сувязях з Захадам.

«Таксама ўстаноўлена, што падазраваны 599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, зь іх 33 — пасьля 2020 году. Сьледзтва мяркуе, што наяўнасьць кантактаў у Дзьмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сьведчыць пра каардынацыю ягонай палітычнай дзейнасьці з-за мяжы. Ёсьць інфармацыя, што затрыманы кантактаваў зь Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста зь ягонай былой кіраўніцай Гілары Клінтан», — паведамляў пра Дзьмітрыева Сьледчы камітэт Беларусі.

Неўзабаве ў інтэрнэце зьявіўся зварот палітыка, запісаны на выпадак затрыманьня.

«Што б са мной ні адбылося, калі раптам гэтая мая прамова будзе апошняй перад ня ведаю калі наступнай, я хачу сказаць, што я ў вас, у нас, у нашу справу моцна веру. І верыў усе гэтыя гады. Таму пайшоў кандыдатам на прэзыдэнта, таму раблю тое, што я раблю, і таму буду працягваць», — сказаў у сваім звароце экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў.

Сёлета ў красавіку Андрэю Дзьмітрыеву прысудзілі 1,5 года калёніі паводле 1 часткі 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Пасьля марнай спробы абскардзіць прысуд яго адправілі ў калёнію № 3.

У траўні памерла маці Андрэя Дзьмітрыева, але на пахаваньне палітыка не адпусьцілі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Дзьмітрыева палітзьняволеным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта крокі да перамогі чалавечага над нечалавечым». Пра што кажа Андрэй Дзьмітрыеў у відэазвароце, запісаным на выпадак арышту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі, колькі беларусаў асудзілі ў «справе ЧКБ»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускім палітвязьням падаўжаюць турэмныя тэрміны. ВІДЭА