Расейскаму блогеру Кацу ўручылі ў Бэрліне сымбалічны «пашпарт дэмакратычнай Беларусі»

Максім Кац

Ён атрымаў яго на творчай сустрэчы ў Бэрліне 21 верасьня.

«Пашпарт свабоднай дэмакратычнай Беларусі» зьяўляецца праектам актывіста беларускай дыяспары ў Нямеччыне Тараса Сякеркі. «Гэта творчы праект, які я арганізаваў у лістападзе 2020 года, калі распачала працу альтэрнатыўная амбасада свабоднай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне. У Максіма Каца пашпарт пад нумарам 319», – паведаміў ён «Позірку».

Ідэя праекту, паводле Сякеркі, заключаецца ў тым, што «кожны чалавек на Зямлі, незалежна ад веравызнаньня і колеру скуры, калі ён не падтрымлівае дыктатуру Лукашэнкі», мае права «атрымаць пашпарт і стаць грамадзянінам свабоднай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь».

«Я выдаваў пашпарты бясплатна, калі нехта хацеў зрабіць данат – рабіў гэта. Галоўная ідэя пашпарта – паказаць, што большасьць людзей не падтрымлівае дыктатуру», – патлумачыў актывіст.

Такія «пашпарты» маюць беларуская дэмакратычная лідарка Сьвятлана Ціханоўская, суаўтар мэдыяпраекта Nex­ta Сьцяпан Пуціла, беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, сьпявачка Вераніка Круглова, пісьменьнік Саша Філіпенка ды інш.

У адрозьненьне ад «пашпарта новай Беларусі», які прапанавалі дэмсілы ў якасьці альтэрнатыўнага праязнога дакумэнта і пасьведчаньня асобы, гэты праект на такі статус не прэтэндуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская моладзь: выбар паміж Салаўёвым і Кацам. Вынікі апытаньня Chatham House
  • Былы дэпутат муніцыпальнага ўтварэньня аднаго з раёнаў Масквы (2012–2016 гады) ад партыі «Яблоко» («Яблык») Максім Кац, на ютуб-канал якога падпісана 1,94 млн карыстальнікаў, актыўна асьвятляў падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе. Пераехаў у Ізраіль пасьля нападу РФ на Украіну ў 2022 годзе. У жніўні 2023-га яго завочна засудзілі на 8 гадоў зьняволеньня за «распаўсюд фэйкаў» пра дзеяньні расейскага войска.
  • «Амбасада свабоднай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Гямеччыне» ўяўляе сабой вагончык – інфармацыйны цэнтар у бэрлінскім Трэптаў-парку, праз дарогу ад будынка афіцыйнай беларускай амбасады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні сьмерць Пуціна, ні перамога Навальнага». Беларускі гісторык у адкрытым лісьце Максіму Кацу патлумачыў, што прынясе спакой кантынэнту