19 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі адбудзецца разгляд справы ў дачыненьні да Віктара Бабарыкі і яшчэ 7 чалавек, якія раней праходзілі па «справе Белгазпрамбанку». Запіс у раскладзе Вярхоўнага суду заўважыў Альянс расьсьледнікаў Беларусі.
У якасьці крымінальнага артыкула ці сутнасьці матэрыялу (скаргі) указана «іншыя дакумэнты».
Справу будзе разглядаць судзьдзя Ігар Любавіцкі, які ў 2021 вынес прысуд.
«Гэта значыць, што разгляд не ў парадку нагляду, а ў сувязі з прывядзеньнем прысуду ў выкананьне (арт.402 КПК), па гэтых падставах магчымыя: ужываньне адтэрміноўкі пакараньня, умоўна-датэрміновае вызваленьне, замена неадбытай часткі пакараньня мякчэйшым, перавод з адной папраўчай калёніі ў іншую, а таксама замена пакараньня на больш строгае ў выпадку злоснага ўхіленьня ад яго адбыцьця. Віктар Бабарыка не прызнаў віны, у такім выпадку гаворка можа ісьці аб УДВ для іншых асуджаных, якія адбылі 2/3 тэрміну», — адзначае Альянс расьсьледнікаў Беларусі.
Калі суд ня зробяць закрытым ці «завочным», на судзе зьявіцца магчымасьць нарэшце пабачыць Віктара Бабарыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Маёмасьць Віктара Бабарыкі выставілі на аўкцыён. Што ўжо прадаліСтаршыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка вылучаўся кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары 2020 году, меў самы высокі рэйтынг сярод усіх кандыдатаў. У чэрвені 2020 году яго арыштавалі, а ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата.
Віктару Бабарыку выставілі абвінавачаньне ў атрыманьні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі („адмываньні“) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры». 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прысудзіў Віктару Бабарыку 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 5 тысяч базавых велічынь.
26 красавіка 2023 году зьявілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з калёніі ў наваполацкую бальніцу са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксам. З таго часу зьвестак ад яго не было.