Эвакуацыя беларускіх дыпляматаў з Ізраілю не плянуецца, — МЗС

Анатоль Глаз

Пасольства Беларусі ў Ізраілі «цалкам функцыянальнае» і працуе ў рэжыме, адпаведным «бягучай напружанай абстаноўцы», пытаньне эвакуацыі дыпляматаў «канкрэтна на сёньняшні дзень» не стаіць, заявіў 9 кастрычніка прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, з моманту «эскаляцыі абстаноўкі» ў пасольства зьвярнулася каля 150 беларускіх грамадзян, уключаючы турыстаў, многія зь якіх «падымаюць пытаньне аб эвакуацыі», піша BPN.

«Новай інфармацыі аб ахвярах або сур’ёзна пацярпелых сярод беларусаў не паступала», — сказаў Глаз.

Ад імя МЗС ён рэкамэндаваў грамадзянам Беларусі ўстрымацца ад паездак у Ізраіль да нармалізацыі сытуацыі.

МЗС Беларусі 7 кастрычніка распаўсюдзіў заяву, у якой заклікаў «дээскаляваць напружанасьць» у рэгіёне Ізраіля і Палестыны і пачаць перамовы.

8 кастрычніка ведамства паведаміла пра двух беларусаў — маці і сына, пацярпелых у выніку ракетных абстрэлаў гораду Ашкелона. Абаіх пацярпелых шпіталізавалі, стан адной зь дзьвюх асобаў ацэньваецца як вельмі цяжкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ў Ізраілі: афіцыйны нэўтралітэт Менску і антыізраільскія сымпатыі беларускіх дзяржаўных мэдыя