Яшчэ падчас знаходжаньня ў СІЗА ў Васіля Берасьнева значна пагоршыўся стан здароўя: палітвязень пакутуе ад боляў у адзінай нырцы, піша «Вясна».
Сытуацыя настолькі крытычная, што мэдыкамэнтознае лячэньне ня мае сэнсу, паведамляюць праваабаронцы. Патрэбна перасадка ныркі. Як пішуць праваабаронцы, на шматлікія просьбы і заявы вязьня аб аказаньні мэдычнай дапамогі альбо накіраваньні на абсьледаваньне доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем у Берасьнева значна павысіўся ціск і цяпер яму неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.
Праваабаронца Ігар Казьмерчак ваказаў заклапочанасьць падобнай сытуацыяй:
«Сытуацыя крытычная. Калі сапраўды неабходна перасадка, трэба біць ва ўсе званы і рабіць гэта неадкладна. А ўвогуле — палітвязьня трэба вызваляць як мага хутчэй і дзеля гэтага выкарыстоўваць усе магчымасьці.
У такім узросьце ўвогуле даваць такія тэрміны ненармальна, я ўжо не кажу пра тое, што яго абвінавацілі ў неіснуючым злачынстве. З адной ныркай і на волі жыць няпроста, а тут яшчэ і турма. Таму Берасьнева ў прынцыпе нельга было саджаць. А пры сёньняшняй сытуацыі мы павінны як мага шырэй гаварыць пра здароўе Васіля Ціханавіча. Фактычна гэта яшчэ адна спроба проста давесьці палітвязьня да трагедыі».
- 73-гадовы Васіль Берасьнеў — лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Яго затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы.
- Яго зьмясьцілі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (арт. 361 Крымінальнага кодэксу), стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальваньні варожасьці ці звады (арт. 130 КК).
- 5 студзеня 2023 году па сукупнасьці пакараньняў судзьдзя Анастасія Папко прызначыла Васілю Берасьневу 9 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Неўзабаве палітвязьня перавялі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму № 4, а ў траўні — у магілёўскую ПК № 15
- Апэляцыйную скаргу на прысуд разглядалі ў Вярхоўным судзе. Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Пятра Лістраценкі 3 красавіка пастанавіла пакінуць вырак бязь зьменаў, а скаргі без задавальненьня.
- 5 траўня МУС уключыла палітзьняволенага ў «Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навіны палітвязьняў: старшыню БКДП Аляксандра Ярашука пераводзяць у крытую турму