У Осла абвясьцілі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру. Яна ў няволі, як і леташні ляўрэат Бяляцкі

Наргес Махамадзі, архіўнае фота

Ляўрэаткай стала зьняволеная праваабаронца Наргес Махамадзі з Ірану. Летась прэмію атрымаў зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт аб’явіў ляўрэатку прэміі міру за 2023 год. Прэмію атрымала Наргес Махамадзі за яе барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за прасоўваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх.

Старшыня нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Андэрсэн назвала Махамадзі адной зь вядучых праваабаронцаў Ірану, якая выступала за правы жанчын і адмену сьмяротнага пакараньня.

Прывітаўшы Махамадзі як «змагарку за свабоду», Бэрыт Райс-Андэрсэн пачала сваю прамову са слоў «жанчына, жыцьцё, свабода» на фарсі — аднаго зь лёзунгаў мірных пратэстаў супраць іранскага ўраду.

Як піша Reuters, у цяперашні час Махамадзі адбывае некалькі тэрмінаў зьняволеньня ў турме Эвін у Тэгеране, агулам яе пакараньне складае каля 12 гадоў пазбаўленьня волі. Сярод абвінавачаньняў — нібыта распаўсюд прапаганды супраць дзяржавы.

Махамадзі зьяўляецца намесьніцай кіраўніка няўрадавай арганізацыі «Цэнтар абаронцаў правоў чалавека», якую ўзначальвае Шырын Эбадзі, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2003 году.

Усяго ў ліку намінантаў быў 351 кандыдат, 259 асобаў і 92 арганізацыі, у тым ліку дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

Летась прэмію атрымалі зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, расейская праваабарончая група «Мэмарыял» і ўкраінская праваабарончая арганізацыя «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў». «Пераможцы на працягу многіх гадоў прапагандавалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзянаў», — заявіў летась Нарвэскі нобэлеўскі камітэт. Леташняя прэмія прыпала на першы год вайны Расеі ва Ўкраіне. Сёлета вайна працягваецца ўжо другі год.

Прэмія міру — адзіная з Нобэлеўскіх прэмій, якая ўручаецца ў Осла, а не ў Стакгольме. За гэты тыдзень былі абвешчаныя прэміі ў мэдыцыне, фізыцы, хіміі і літаратуры. Прэмія ў эканоміцы будзе абвешчаная ў панядзелак.

Апрача Алеся Бяляцкага, зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымала пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Іране пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў. Іх абвінавацілі ў забойстве сілавікоў

Прэміі прадугледжваюць грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх крон (1 мільён даляраў ЗША), атрыманых са спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля, які памёр у 1896 годзе.

Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла згодна зь ягоным жаданьнем, а другая цырымонія ўзнагароджаньня праходзіць у Стакгольме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Стакгольме абвясьцілі ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязьню Алесю Бяляцкаму прысудзілі польскую прэмію «Залаты ляўр» у намінацыі «Асоба году»