Баранавіцкага пэнсіянэра асудзілі за «паклёп» на Лукашэнку
Суд Баранавіцкага раёну і Баранавічаў вынес прысуд мясцоваму пэнсіянэру Івану Норку, абвінаваціўшы яго ў «паклёпе» на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 КК. Судовы працэс адбыўся яшчэ 22 жніўня і праходзіў у выязным пасяджэньні ў будынку аднаго зь мясцовых ЖЭСаў, паведамляе «Вясна».
Па матэрыялах абвінавачаньня, Норка ў «Аднаклясьніках» адзначыў падабайкай нейкую публікацыю. Аднак экспэртыза выявіла ў ёй нібыта непраўдзівыя дадзеныя аб тым, што Аляксандар Лукашэнка датычны да злачынстваў трох відаў («акт тэрарызму», «забойства», «перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).
Судзьдзя Мікалай Кміта прысудзіў пэнсіянэру з інваліднасьцю паўтара года «хатняй хіміі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 верасьня: затрымалі выкладчыка БДУІР; за «экстрэмізм» судзяць супрацоўніцу сельсавету з Докшыцкага раёнуАдразу 6 чалавек асудзілі ў Менску за ўдзел у Маршы пратэсту ў 2020 годзе
Праваабаронцам стала вядома, што 11 верасьня ў судзе Партызанскага раёну Менску вынесьлі прысуд шасьці беларусам паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд агучыў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч.
Усім прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатнюю хімію»:
- Віктару Суторміну і Марыі Валадковіч — 2 гады і 3 месяцы,
- Дзьмітрыю Абдульманаву і Антону Белічу — 2 гады і 6 месяцаў,
- Аляксандры Беліч і Галіне Гародцы — 2 гады.
Усе, акрамя Галіны Гародкі і Аляксандры Беліч, да вынясеньня прысуду знаходзіліся пад вартай. Іх вызвалілі ў залі суду.
Вядома, што яны разам удзельнічалі ў адным з Маршаў пратэсту ў Менску ў 2020 годзе: «сумесна стаялі на праезнай частцы дарогі, сярод іншых удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».
Менскую настаўніцу геаграфіі паказальна асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 19 верасьня асудзілі Ірыну Мажарскую паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд вынес судзьдзя Андрэй Млечка, паведамляе «Вясна».
Ірына — цяпер ужо былая настаўніца геаграфіі Менскай гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай. Яна рыхтавала вучняў да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе, была кіраўніцай каманды Менску па геаграфіі. Летась адзін зь яе вучняў на алімпіядзе атрымаў дыплём трэцяй ступені па геаграфіі, а адміністрацыя гімназіі выказвала Ірыне словы падзякі за добрую працу.
Як паведаміла прэс-служба пракуратуры, настаўніца нібы «супрацьпраўнымі паводзінамі падала маладым людзям нэгатыўны прыклад».
У кватэры затрыманага журналіста Андрэя Толчына правялі ператрус
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 28 верасьня ў Гомлі сілавікі прыйшлі зь ператрусам у кватэру затрыманага напярэдадні журналіста-фрылансэра Андрэя Толчына.
Сьледчыя забралі кампутарную тэхніку і іншыя лічбавыя носьбіты. Паводле тлумачэньняў, ператрус ладзіўся ў межах справы аб экстрэмізьме.
Сам Андрэй Толчын пры ператрусе не прысутнічаў. Яго затрымалі ўчора ў Гомлі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 72 гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі затрымалі журналіста і апэратара Андрэя ТолчынаСілавікі затрымалі намесьніцу выканаўчага дырэктара «ЮрСпэктра» — за ўдзел у жаночых маршах
У Менску сілавікі затрымалі топ-мэнэджара кампаніі «ЮрСпэктр». Сілавікі прымусілі яе сказаць на камэру, што яна сама меней двойчы ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і брала ўдзел у жаночых маршах. Таксама яе прымусілі агучыць памер заробку — 8 тысяч рублёў.
Што ёй ставяць у віну, сілавікі не ўдакладнілі, але абурыліся тым фактам, што пры такім заробку жанчына магла быць чымсьці незадаволеная.
Псыхалягіню Алесю Лянцэвіч, якая мае праблемы са здароўем, пакаралі зьняволеньнем
Берасьцейскі абласны суд абвясьціў прысуд псыхолягу-кансультанту і выкладчыцы псыхалёгіі Алесі Лянцэвіч, абвінавачанай у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня (арт. 361-2 КК). Справу разглядала судзьдзя Руслана Сянько, дзяржабвінаваўца — Марыя Бялт, паведамляюць праваабаронцы.
Псыхалягіню абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі данатаў у BySol і ByHelp. Агульная сума данатаў склала каля 97 даляраў. Таксама жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна абразіла Карпянкова («яшчэ адзін псыхапат») і Лукашэнку («фашыст», «тэрарыст», «псыхапат»).
У Алесі падазрэньне на цяжкае захворваньне, аднак суд пастанавіў пакараць яе 3 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Хапун у Ваўкавыску працягваецца — сярод затрыманых намесьнік галоўнага лекара
Сярод затрыманых у Ваўкавыску — намесьнік галоўнага лекара па мэдычнай частцы філіялу №6 санаторыя «Пралеска» Андрэй Тарасевіч, паведамляе «Наша Ніва». Яму закідаюць «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Другі з затрыманых — Ягор Данько, працуе на «Беллакце». Яго вінавацяць у «паведамленьнях у падтрымку Ўкраіны ў тэлеграме». Акрамя гэтага, затрымалі яшчэ адну супрацоўніцу «Беллакта», 39-гадовую Аксану Шырынгу, за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У відэа з затрыманымі паказалі таксама 38-гадовага Дзяніса Арцістава. Яго таксама вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмізму».
Імаверна, лік затрыманых у Ваўкавыску падчас нядаўніх аблаваў ідзе на дзясяткі — супрацоўнікі ГУБАЗіК учора паказвалі пяцярых затрыманых, але абяцаюць «працяг гісторыі».
Праваабаронцы зьвязваюць актыўнасьць сілавікоў у Ваўкавыску з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе. Паводле інфармацыі «Вясны», на адным з выклікаў (побытавая сытуацыя, не зьвязаная з палітычным перасьледам) быў зьбіты супрацоўнік міліцыі. Пасьля гэтага ў горад адправілі сілавікоў зь Менску і Горадні, якія і пачалі «зачыстку».
У Гомлі затрымалі маладога чалавека
Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што ён нібыта вырабіў і распаўсюдзіў у экстрэмісцкіх Telegram-каналах улётку, якая зьмяшчае абразы і паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў улады.
«Беларускі расьсьледніцкі цэнтар» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх арганізацый»
Арганізацыю ўнесьлі ў адпаведны сьпіс згодна з рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі ад 15 верасьня.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, рашэньне аб прызнаньні яе «экстрэмісцкай» прыняў судзьдзя Сяргей Мікалаеў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 верасьня: Жыхарку Баранавіцкага раёна асудзілі за абразу Лукашэнкі