З Карабаху ў Армэнію вымушана зьехалі больш за 47 тысяч мясцовых жыхароў

Супрацоўнік НКА «Этас» разьмяркоўвае гуманітарную дапамогу сярод уцекачоў, Горыс, Армэнія, 25 верасьня 2023

З Нагорнага Карабаху ў Армэнію вымушана выехалі, паводле апошніх зьвестак, больш за 47 тысяч жыхароў. Больш за чатыры тысячы зь іх забясьпечаныя жыльлём. Пра гэта паведаміў армянскі ўрад.

Большасьць людзей, якія пакідаюць Карабах, спыняюцца ў горадзе Горыс у памежнай з Азэрбайджанам Сюніцкай вобласьці Армэніі. Там адкрыты цэнтар прыёму ўцекачоў.

Памочнік прэзыдэнта Азэрбайджану Хікмет Гаджыеў напісаў у X (былым твітэры), што Баку прадаставіць Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа бесьперашкодны праезд з Горыса ў Стэпанакерт (азэрбайджанская назва — Ханкендзі) для мэдычнай эвакуацыі і дастаўкі гуманітарнай дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баку і Ерэване агучылі розныя вэрсіі затрыманьня былога кіраўніка Нагорнага Карабаху
  • 19 верасьня Азэрбайджан пачаў ваенную апэрацыю на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, абвінаваціўшы праармянскія сілы ў тэрактах пасьля падрыву дзьвюх азэрбайджанскіх машын і ў сыстэматычных абстрэлах азэрбайджанскіх пазыцыяў.
  • Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Азэрбайджану, падчас «лякальных антытэрарыстычных мерапрыемстваў» у Нагорным Карабаху загінулі 192 вайскоўцы, яшчэ 511 былі параненыя. Сярод цывільных жыхароў адзін загінуў і адзін пацярпеў, сьцьвярджае ведамства. Раней улады самаабвешчанай рэспублікі паведамлялі пра 200 загінулых, сярод якіх дзесяць цывільных жыхароў, у тым ліку пяцёра дзяцей, і пра больш як 400 параненых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян і Аліеў сустрэнуцца ў Гішпаніі. Асноўнае вакол Карабаху на гэты момант
  • 20 верасьня кіраўніцтва непрызнанага рэгіёну капітулявала на ўмовах Баку. Азэрбайджанскія ўлады заявілі пра гатоўнасьць весьці перамовы аб рэінтэграцыі армянскага насельніцтва Карабаху.
  • На працягу апошніх некалькіх дзён прадстаўнікі азэрбайджанскіх уладаў і армянскага насельніцтва правялі дзьве сустрэчы, на якіх, сярод іншага, абмяркоўваліся пытаньні абароны правоў жыхароў, якія вырашылі застацца ў Карабаху. Пра канкрэтныя крокі пакуль не паведамлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША, Турэччына, Беларусь і іншыя адрэгавалі на падзеі ў Карабаху