З 18 чэрвеня журналіста Дзяніса Івашына ўтрымліваюць у крытай турме № 8 ў Жодзіне, куды яго перавялі з магілёўскай калёніі № 15. Пра суд аб зьмене рэжыму ўтрыманьня Дзяніса Івашына на турэмны ягонага адваката не праінфармавалі. У мінулы аўторак палітзьняволенаму дазволілі патэлефанаваць жонцы. Званок доўжыўся 9 хвілін. Паводле Вольгі Івашынай, голас мужа гучаў бадзёра.
«Фізычна ён адчувае сябе добра, прынамсі кажа, што ні разу не хварэў ад пераезду. У ШЫЗА яго там ня кідаюць. Відаць, лічаць, што і строгага рэжыму для яго дастаткова. Штодня мае шпацыр. Праўда, раней скардзіўся, што часам менш за гадзіну доўжыцца прагулка. Мо цяпер нешта зьмянілася. Збольшага эмоцыі ў яго натуральныя для вязьніцы: часьцей за ўсё піша, што вельмі сумуе па сваяках і сябрах».
У калёніі № 15 Дзяніс Івашын з высокай тэмпэратурай трапіў у шпіталь. З пераводам у крытую турму ў Жодзіна Івашыну зьменшылі да адной базавай велічыні суму грошай, якія ён можа патраціць на пакупкі ў турэмнай краме.
«У Магілёве ён мог сабе сёе-тое ў краме набыць на 2 базавыя, цяпер мае толькі адну на месяц, бо тут рэжым у яго строгі. Адна бандэроль на год і рэчавая перадача, тэрміны бандэролі і кароткатэрміновага спатканьня стаяць на сакавік-красавік наступнага году.
Але ў краме Жодзіна ён упершыню пабачыў і купіў сабе марскую капусту. Кажа, што харчаваньне ў Жодзіне адназначна лепшае, чым было ў горадзенскай турме, і такое ж, як было ў магілёўскай калёніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Суд вырашыў зьнішчыць кнігі, канфіскаваныя пры ператрусе ў ІвашынаЖонка журналіста таксама расказала, што Дзяніс далучыўся да малітвы за Беларусь, якая працягваецца ўжо шмат гадоў.
«Як высьветлілася, ён сам кожную нядзелю моліцца за Беларусь малітвай айца Льва Гарошкі. А я яму нядаўна прапанавала далучыцца да маёй гадзінкі ў няспыннай малітве за нашую краіну, якая ў мяне доўжыцца ўжо больш за 8 гадоў. Больш за паўтары сотні чалавек выбіраюць сабе пэўную гадзіну на тыдзень і ўвесь час моляцца за Беларусь або адмысловымі малітвамі, або сваімі словамі, мо нехта нават сьпявае. Дзяніс пагадзіўся ды далучыўся да маёй гадзінкі», — расказала Вольга Івашына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзняволены Дзяніс Івашын трапіў у шпіталь
Журналіста з Гародні Дзяніса Івашына арыштавалі ў сакавіку 2021 году і ў чэрвені 2022 году на закрытым працэсе асудзілі на 13 гадоў 1 месяц зьняволеньня праз абвінавачаньне ў «здрадзе радзіме» і «незаконным зборы і распаўсюдзе зьвестак аб прыватным жыцьці».
Да арышту Дзяніс Івашын працаваў як рэдактар-валянтэр беларускай вэрсіі сайту міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, а таксама быў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час». Журналіст стаў вядомы дзякуючы сваім расьсьледаваньням пра скандальную будоўлю рэстарацыі ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.
Праваабаронцы прызналі Дзяніса Івашына палітзьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст Дзяніс Івашын упершыню за доўгі час патэлефанаваў з-за кратаў жонцы