У Казахстане рассакрэцілі 2,4 мільёна справаў рэпрэсаваных, у тым ліку зь Беларусі

Актывісты ўшаноўваюць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Шымкент, Казахстан, травень 2020 г.

Улады Казахстану абвясьцілі, што рассакрэцілі дакумэнты 2,4 мільёна справаў рэпрэсаваных савецкімі ўладамі ў 1929–1956 гадах паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў.

Як паведаміла 18 верасьня Генэральная пракуратура краіны, у рассакрэчаных справах знаходзяцца дакумэнты на 516 тысяч чалавек, дэпартаваных зь іншых раёнаў Савецкага Саюзу ў 1940-я гады, зь якіх 311 тысяч ужо рэабілітаваныя. Гэта датычыць таксама дэпартаваных зь беларускіх земляў.

У 2020 годзе ўлады Казахстану прынялі ўказ аб стварэньні дзяржаўнай камісіі рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

На першым паседжаньні дзяржаўнай камісіі 3 сьнежня 2020 году былы дзяржаўны сакратар Крымбек Кушэрбаеў, які тады ўзначальваў камісію, заявіў, што яе задача — «аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці для ўсіх катэгорыяў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у савецкі пэрыяд».

Казахстанскія актывісты і праваабаронцы кажуць, што ў сучасным Казахстане працягваецца перасьлед з палітычных матываў — улады затрымліваюць і саджаюць крытыкаў іхнае палітыкі, але адмаўляюць наяўнасьць у краіне рэпрэсіяў і палітвязьняў.

  • Пачынаючы з 1937 году, на тэрыторыі Казахстану былі самыя буйныя лягеры структуры ГУЛАГ — АЛЖИР («Акмолинский лагерь жён изменников Родины»), Степлаг (Особлаг № 4, лягер для палітычных зьняволеных у пасёлку Кенгір Карагандзінскай вобласьці Казахстану), Карлаг (Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер). Рэспубліка практычна ператварылася ў адну вялікую турму. За гады рэпрэсіяў у лягеры Казахстану толькі афіцыйна сасланыя больш за 5 млн. чалавек. Але неафіцыйныя зьвесткі значна перавышаюць гэтую лічбу.
  • У Казахстане ўшанаваньне памяці рэпрэсаваных адбывалася і ў часы прэзыдэнцтва Нурсултана Назарбаева. У 2017 годзе Мая Кляшторная, дачка расстралянага беларускага паэта Тодара Кляшторнага, узяла ўдзел у памятных захадах у мэмарыяльным комплексе на месцы былога «Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў Радзімы», дзе была ў дзяцінстве разам з маці. У той дзень яна пагутарыла з тагачасным прэзыдэнтам Назарбаевым, які наведаў акцыю.

Мая Кляшторная, былая зьняволеная ГУЛАГу і прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назабаеў, 2017 год.

  • У Беларусі, нягледзячы на дзейнасьць у 1990–1995 гг. Часовай камісіі Вярхоўнага Савету ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1950 гг. і прыняцьце Закону аб правах рэпрэсаваных і іхных сем’яў, масавага рассакрэчваньня дакумэнтаў, датычных рэпрэсіяў, не было. У пачатку 1990-х гадоў асобным дасьледнікам і блізкім рэпрэсаваных быў дадзены абмежаваны доступ да некаторых справаў, аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі гэтая практыка спынілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сталічным парку Чалюскінцаў зьнік надпіс у памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Але потым шыльду вярнулі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуліся часы сталінскіх рэпрэсій». Жонка Бяляцкага выступіла на канфэрэнцыі GLOBSEC
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўжэй за Сталіна. Яшчэ адзін рэкорд Лукашэнкі