У ЗША ўручылі Шнобэлеўскія прэміі — такую ў 2013 атрымаў Лукашэнка за забарону аплядысмэнтаў на вуліцах

Шнобэлеўская прэмія. Карыкатура Радыё Свабода з сэрыі «(Не)вясёлыя карцінкі».

У Гарвардзкім унівэрсытэце ў ЗША прайшла 33-я цырымонія ўручэньня Шнобэлеўскай прэміі — жартоўнай узнагароды, якую прысуджаюць за самыя недарэчныя навуковыя ідэі і дасьледаваньні.

Сярод ляўрэатаў:

  • Польскі навуковец Ян Заласевіч, які патлумачыў, «чаму многія навукоўцы любяць лізаць камяні» (бо часьцяком на мокрай паверхні мінэральныя часьцінкі відаць лепш, чым на сухой).
  • Група навукоўцаў з ЗША, Канады, Македоніі, Ірану і Віетнаму, якая лічыла валасінкі ў ноздрах чалавечых трупаў, каб праверыць, ці аднолькавая іх колькасьць у правай і левай ноздры.
  • Навукоўцы з Францыі, Вялікай Брытаніі, Малайзіі і Фінляндыі, якія вывучалі, што адчувае чалавек, калі шмат разоў запар паўтарае адно і тое ж слова.

Навукоўцы таксама высьвятлялі, колькі чалавек спыніцца, каб паглядзець угару, калі яны ўбачаць, што нехта яшчэ глядзіць угару, дасьледавалі нуду настаўнікаў і сэксуальную актыўнасьць анчоўсавых рыб.

У 2013 годзе Шнобэля атрымалі Аляксандар Лукашэнка і менская міліцыя. Лукашэнка — за забарону публічных аплядысмэнтаў, міліцыя — за арышт аднарукага інваліда, які нібыта пляскаў у ладкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Так трымаць, Аляксандар Рыгоравіч!
  • Шнобэлеўская прэмія была заснаваная ў 1991 годзе жартаўлівым навуковым часопісам «Аналы неверагодных дасьледаваньняў» (Annals of Improbable Research). Узнагароды выдаюцца за дасягненьні, якія «спачатку выклікаюць сьмех, а потым прымушаюць задумацца».
  • Арыгінальная назва прэміі – Ig Nobel Prize. Гэта адсылка да Нобэлеўскай прэміі і сугучна са словам ignoble («ганебны», «невысакародны»).
  • Усяго ёсьць дзесяць узнагарод у розных катэгорыях. Іх уручаюць сапраўдныя нобэлеўскія ляўрэаты.
  • Паводле стваральніка прэміі Марка Абрагамса, яе сэнс — у папулярызацыі сур'ёзнай навукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мой літаратурны шорт-ліст і „шнобэлі”