Міністар абароны Кітаю Лі Шанфу зьнік неўзабаве пасьля вяртаньня зь Менску, дзе ён быў 16 і 17 жніўня і прасоўваў плян «глябальнай бясьпекі». Пасьля вяртаньня ў Пэкін міністар выступіў на форуме бясьпекі з удзелам краін Афрыкі 29 жніўня і пасьля прапаў.
З таго моманту пра лёс Лі Шанфу нічога не вядома.
Брытанская газэта Financial Times паведаміла, што Злучаныя Штаты лічаць, што 65-гадовы Лі пазбаўлены сваіх абавязкаў і знаходзіцца пад сьледзтвам кітайскіх уладаў. FT у сваёй інфармацыі спасылаецца на тры крыніцы ў адміністрацыі ЗША.
Паводле апошніх паведамленьняў, улады краіны пачалі ў дачыненьні да яго расьсьледаваньне, хутчэй за ўсё, праз падазрэньне ў карупцыі. Інфармацыя аб расьсьледаваньні паступіла ад агенцтва Reuters, журналісты якога пагаварылі з 10 ананімнымі крыніцамі ў Кітаі.
Па словах прадстаўніка рэгіянальнай службы бясьпекі і трох чалавек, якія знаходзяцца ў непасрэдным кантакце з кітайскімі вайскоўцамі, расьсьледаваньне ў дачыненьні да Лі зьвязана з закупкамі вайсковай тэхнікі. Пра якія менавіта закупкі ідзе размова, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Кітая прасоўваў «плян глябальнай бясьпекі» Пэкіна падчас паездкі ў Расею і Беларусь. Што гэта такое
Лі — адзін зь пяці чальцоў дзяржаўнай рады, а гэтая пасада ў кітайскім кабінэце міністраў мае вышэйшы ранг, чым пасада проста міністра.
Вашынгтон увёў санкцыі супраць Лі Шанфу ў 2018 годзе за куплю зброі ў найбуйнейшага расейскага экспартэра зброі — «Рособоронэкспорт».
Здагадкі пра месцазнаходжаньне Лі Шанфу ўзьніклі пасьля рэзкага зьнікненьня з поля зроку грамадзкасьці ў ліпені міністра замежных спраў Кітаю Цінь Гана. Пазьней стала вядома, што яго зьнялі з пасады. Шырэйшай інфармацыі пра гэтага міністра няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адметны візыт міністра абароны КітаяРаней у Кітаі прапала вядомая тэнісістка Пэн Шуай. У канцы 2021 году яна расказала, што былы віцэ-прэм’ер Кітаю ў 2018 годзе прымушаў займацца зь ім сэксам, выкарыстоўваючы пагрозы. У 2022 годзе Пэн Шуай заявіла францускай газэце L’Équipe, што пакідае прафэсійны тэніс, і адзначыла, што яе абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце былі неабгрунтаваныя. Але фэміністычныя арганізацыі расцанілі гэта як словы, сказаныя на фоне пастаянных пагроз у яе адрас, ціску і цэнзуры ў Кітаі на навіны з Пэн Шуай.
Пазьней тэнісістка не зьяўлялася на публіцы, што не перашкодзіла жаночай фэдэрацыі тэнісу зьняць забарону на правядзеньне турніраў у Кітаі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскія ўлады пазначылі на мапах частку Расеі сваёй тэрыторыяй