Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскія ўлады пазначылі на мапах частку Расеі сваёй тэрыторыяй


Мост праз Амур паміж Расеяй і Кітаем. Ілюстрацыйнае фота.
Мост праз Амур паміж Расеяй і Кітаем. Ілюстрацыйнае фота.

Кітайскія ўлады выпусьцілі новыя геаграфічныя мапы на 2023 год, на якіх пазначылі Вялікі Ўсурыйскі востраў на Амуры сваёй тэрыторыяй.

Пра гэта паведамляе РБК. Кітай і Расея (СССР) аспрэчвалі прыналежнасьць гэтай тэрыторыі з 1964 года.

У 2008 годзе Масква і Пэкін заключылі дамову, паводле якой востраў быў падзелены паміж дзьвюма краінамі — тады экспэрты называлі гэта знакам таго, што Масква спадзяецца на доўгатэрміновыя і стабільныя адносіны з Кітаем.

На новай афіцыйнай мапе Кітай адзначае ўвесь востраў як самую ўсходнюю кропку кітайскай тэрыторыі. У тлумачальнай нататцы падкрэсьліваецца, што «мапа складзеная ў адпаведнасьці з нацыянальнымі стандартамі афармленьня межаў Кітая і іншых краін сьвету».

Акрамя Вялікага Ўсурыйскага вострава Кітай абазначыў сваёй тэрыторыяй індыйскі штат Аруначал-Прадэш і прымежны раён Аксайчын. Індыйскае МЗС ужо выказала пратэст Пэкіну, Масква на новыя мапы пакуль не адрэагавала.

Афіцыйны камплект мапаў будуць выкарыстоўваць у навінах, кнігах і рэклямных матэрыялах. Мапы таксама могуць выкарыстоўвацца як базавая даведачная інфармацыя.

  • Вялікі Усурыйскі востраў займае каля 340 квадратных кілямэтраў. Гэта супастаўна з памерамі гораду Уладзівасток. Ён знаходзіцца паблізу Хабараўска і разьмешчаны ў пойме Амура насупраць вусьця ракі Усуры. Спрэчка аб прыналежнасьці вострава пачалася паміж Расеяй і Кітаем яшчэ ў 1800-х гадах, а ў 1920–1930-я гады востраў быў «узяты пад ахову» савецкімі войскамі.
  • Пасьля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе востраў застаўся пад юрысдыкцыяй Расеі. Кітай аспрэчваў статус вострава з 1964 года, аднак пасьля дамовы 2008 года ніякіх афіцыйных дамоўленасьцяў аб прыналежнасьці вострава паміж Расеяй і Кітаем не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG