У Літве прагназуюць, што тысячы беларусаў зьвернуцца па пашпарт іншаземца ў Дэпартамэнт міграцыі пасьля ўказу Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота

Пашпарт іншаземца выдаюць толькі тым беларусам, якія жывуць у Літве і ня могуць вярнуцца ў Беларусь з гуманітарных або палітычных прычын.

Дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце паведаміла, што пасьля спыненьня абмену пашпартоў у амбасадах і консульствах Беларусі беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму ў Літву, могуць зьвяртацца па атрыманьне пашпарта іншаземца.

«Гэта вельмі важная навіна. Тыя, хто баіцца вяртацца ў Беларусь, у паніцы думаюць, што давядзецца рабіць. Але ёсьць такі мэханізм — аформіць пашпарт іншаземца. І калі раней мы выдавалі некалькі дзясяткаў такіх пашпартоў на год, то цяпер іх будзе нашмат больш», — працытавала выданьне Delfi Эвеліну Гудзінскайце, спасылаючыся на Elta.

Дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі мяркуе, што з гэтай прычыны павялічыцца нагрузка на міграцыйную службы. «Складана сказаць дакладна, колькі такіх беларусаў у Літве, але вядзецца пра некалькі тысяч беларусаў, у якіх можа зьявіцца такая патрэба», — дадала яна.

У той жа час Эвеліна Гудзінскайце падкрэсьліла, што пашпарт іншаземца можа быць выдадзены толькі тым беларусам, якія жывуць у Літве і ня могуць вярнуцца ў Беларусь з гуманітарных або палітычных прычын.

«Нам давядзецца ацэньваць, таму што пашпарт іншаземца выдаецца толькі тым асобам, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусі і аб’ектыўна ня могуць атрымаць пашпарт сваёй краіны», — патлумачыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашпарт за мяжой зрабіць нельга, пажаніцца можна. Але ёсьць нюанс. Разьбіраем новы ўказ Лукашэнкі па пунктах

4 верасьня зьявіўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога беларусы больш ня могуць абмяняць і атрымаць пашпарт у дыпляматычных прадстаўніцтвах за мяжой.

Заканадаўчы акт унёс зьмены ў пералік консульскіх дзеяньняў і адміністрацыйных працэдур, якія зьдзяйсьняюць замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян. Дакумэнт набыў юрыдычную моц 7 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прамое парушэньне Венскай канвэнцыі». Што экспэрты кажуць пра забарону выдаваць беларусам пашпарты ў консульствах