Сьцісла:
- Незалежна ад узроўню заходніх паставак, Украіна будзе працягваць вызваляць свае тэрыторыі.
- Кіеў ацэньвае менскі рэжым як саўдзельніка ў агрэсіі супраць Украіны. Пасьля 24 лютага 2022 году ніякіх зьменаў у гэтым не адбылося.
- Лукашэнка становіцца ўсё менш суб’ектным, страчвае магчымасьці правядзеньня самастойнай палітыкі.
- Пакуль у Маскве Пуцін, то гіпатэтычная адстаўка Лукашэнкі прывядзе толькі да таго, што замест яго зьявіцца яшчэ больш прарасейскі кіраўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка на Дзень Незалежнасьці Ўкраіны зноў прапанаваў мірныя перамовы. Ціханоўская заявіла, што датычныя да вайны будуць адказваць— Ва Ўкраіне зьявіцца новы міністар абароны. Замест Аляксея Рэзьнікава прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі прапанаваў на гэтую пасаду Рустэма Ўмерава. Чым выклікана такая кадравая зьмена?
— Прычынаў некалькі. Па-першае, вакол Міністэрства абароны дастаткова шмат скандалаў з закупкамі. Украіна рэфармуецца паводле мадэлі NATO, і міністар, які павінен быць цывільнай асобай, займаецца пераважна забесьпячэньнем узброеных сілаў. Ёсьць і іншыя пытаньні да Рэзнікава — у свой час ён ніяк не хацеў прызнаваць, што будзе расейскае ўварваньне.
Умераў — гэта чалавек, на якога ставіць офіс прэзыдэнта Зяленскага. Ён браў удзел у перамовах у справе вызваленьня абаронцаў «Азоўсталі». Да таго ж Умераў — крымскі татарын. А яны ва Ўкраіне традыцыйна мелі добрыя сувязі з Турэччынай, якая на іх рабіла палітычную стаўку, гэта таксама мае цяпер істотнае значэньне.
Яўген Магда
— Як ідзе ўкраінскі контранаступ? Як вы ацэньваеце думкі, якія нярэдка гучаць і цяпер, і гучалі цягам усёй вайны, нібыта Захад пастаўляе Ўкраіне недастаткова ўзбраеньня?
— Можна працытаваць галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валера Залужнага, які сказаў, што глыбока памыляецца той, хто лічыць, што баявыя дзеяньні — гэта суцэльнае шоў. Паступова ўкраінскія войскі вызваляюць акупаваныя ў 2022 годзе тэрыторыі. Гэта сапраўды ня так, як у кіно. Павольна, балюча, але ўвесь час УСУ прасоўваюцца наперад. Трэба разумець, што расейскія войскі глыбока акапаліся і ўпарта супраціўляюцца.
Што тычыцца паставак заходняга ўзбраеньня, то схема тут вельмі простая. Я ня ведаю ніводнага вайскоўца, які скажа, што яму дастаткова зброі. Вайскоўцам заўсёды не хапае ўзбраеньняў, і гэта трэба добра разумець. Але, незалежна ад узроўню паставак, Украіна будзе працягваць вызваляць свае тэрыторыі, у гэтым не павінна быць сумневаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларуская дэлегацыя на чале з Кавалеўскім правяла сустрэчы ў Кіеве— Калі перайсьці да беларускай тэматыкі, то тут апошнія тыдні адбываюцца даволі прыкметныя падзеі. Па-першае, як заявіў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу журналістам, вайсковыя вучэньні «Захад» сёлета праводзіцца ня будуць. Па-другое, апошнія тыдні ўлады ў Беларусі робяць пэўныя заявы, адрасаваныя Польшчы, якія можна расцаніць як «прымірэнчыя». Як Кіеў ставіцца да афіцыйнага Менску цяпер? Што-небудзь зьмянілася?
— Кіеў ацэньвае ролю менскага рэжыму як саўдзельніка агрэсіі супраць Украіны. Пасьля 24 лютага 2022 году ніякіх зьменаў у гэтым няма.
Тое, што ня будзе вучэньняў «Захад», то гэта вельмі проста тлумачыцца. У 2021 годзе «Захад» стаў прэлюдыяй да ўварваньня, як і вучэньні «Саюзная рашучасьць» у студзені 2022 году.
Лукашэнка становіцца ўсё менш суб’ектным, страчвае магчымасьці правядзеньня самастойнай палітыкі. Але трэба разумець, што зьмена ўлады ў Менску магчымая толькі пасьля таго, як улада зьменіцца ў Маскве. Пакуль у Маскве Пуцін, то, я думаю, што гіпатэтычны сыход Лукашэнкі прывядзе толькі да таго, што замест яго зьявіцца яшчэ больш прарасейскі кіраўнік Беларусі. Гэта павінна быць усім відавочна.
— Таксама апошнія тыдні адбыліся пэўныя зьмены ў стаўленьні афіцыйнага Кіева да беларускіх апазыцыйных сілаў. Апошнім часам адбылося некалькі прыкметных візытаў беларускіх палітыкаў ва Ўкраіну і іхных сустрэч з украінскімі палітыкамі. Лёд крануўся, назіраюцца пэўныя зьмены ў стаўленьні Кіева?
— Я яшчэ год таму прапанаваў канцэпцыю тысячы крокаў насустрач адзін аднаму, бо мы вельмі мала адзін пра аднаго ведаем. Я рады, што гэтыя крокі ўкраінская ўлада і беларускія дэмакратычныя сілы пачалі рабіць. На сёньня маем трыкутнік — афіцыйны Менск, афіцыйны Кіеў і беларускія дэмакратычныя сілы, якія знаходзяцца пераважна за мяжой Беларусі.
Па лініі афіцыйны Кіеў — афіцыйны Менск мы бачым фактычна поўнае замарожваньне адносінаў. Украіна адклікала свайго амбасадара Ігара Кізіма і нават звольніла яго з пасады. Гэта азначае, што наступны ўкраінскі амбасадар будзе ўручаць даверчыя граматы ўжо толькі новаму прэзыдэнту Беларусі.
А зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў Кіева ідзе няпросты дыялёг. Іх прадстаўнікі актыўна прыяжджаюць ва Ўкраіну, сустракаюцца з палітыкамі і экспэртамі. Таму, я спадзяюся, што цяпер нам засталася ўжо ня тысяча крокаў, а трошкі меней. Але не настолькі меней, каб мы маглі думаць, што ўсё ўжо цудоўна і мы заўтра пабудуем якасныя добрасуседзкія адносіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі пракамэнтаваў словы Ціханоўскай пра вайсковую дапамогу— Нядаўна Ўладзімер Зяленскі пракамэнтаваў словы Сьвятланы Ціханоўскай, якая, адказваючы на пытаньне, ці можа яна зьвярнуцца да Зяленскага па вайсковую дапамогу ў вызваленьні Беларусі, сказала, што не выключае такога сцэнару. «Украінская перамога паставіць кропку. І я вельмі рады за супольнасьць дзяржаў — гэта ня толькі пра Беларусь, бо гэта пытаньне неаб’яднанай Малдовы і пытаньне Грузіі. Я ўпэўнены, што перамога Ўкраіны дасьць магчымасьць палітычнага разьвязаньня, дэмакратыі і вяртаньня цэласнасьці гэтых дзяржаваў. І ня трэба думаць спадарыні Ціханоўскай пра арміі іншых дзяржаваў», — сказаў ён. Можна меркаваць, што гэта стратэгічная пазыцыя і яна ня будзе мяняцца?
— Ва ўмовах поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны як прэзыдэнт Украіны можа ствараць хоць нейкія перадумовы для адкрыцьця другога фронту? Гэтага ня можа быць. І з ваеннага, і з палітычнага гледзішча Украіна найперш зацікаўлена ў перамозе над Расеяй. Таму казаць, што мы «дапаможам беларусам» — гэта было б вельмі недальнабачна ў стратэгічным сэнсе.
— Ці можна сказаць, што ў пытаньні магчымага новага ўварваньня на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі пакуль пастаўлена кропка? Расейскіх войскаў у Беларусі ўжо фактычна няма (калі не лічыць вагнэраўцаў), само беларускае войска нападаць яўна не зьбіраецца. Ці гэта такое пытаньне, у якім немагчыма паставіць «кропку», пакуль пры ўладзе Лукашэнка?
— За паўтара года Ўкраіна істотна ўмацавала сваю мяжу зь Беларусьсю. Яна ня можа сабе дазволіць паўтарэньне 24 лютага, і будзе ўважліва сачыць за сытуацыяй. Натуральна, тых некалькі сотняў вагнэраўцаў недастаткова для нейкіх рэйдаў на Сувалкі, але дастаткова, каб учыніць дзяржаўны пераварот у Беларусі. І прывесьці да ўлады ў Беларусі чалавека, які аддасьць загад беларускаму войску наступаць на Кіеў. Таму любыя ваенныя крокі дзеля абароны нашых межаў апраўданыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскі блогер BalaganOff пра Ціханоўскую, Пазьняка і покер, а таксама гарантыі Васкрасенскага. Вялікая гутарка са СвабодайГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская заявіла аб паляпшэньні адносін з уладамі Ўкраіны