Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заявіла аб паляпшэньні адносін з уладамі Ўкраіны


Сьвятлана Ціханоўская, ліпень 2023 г.
Сьвятлана Ціханоўская, ліпень 2023 г.

Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, украінскія ўлады адрозьніваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і беларускі народ, яны зьмянілі стаўленьне да дэмакратычных сілаў Беларусі, што паляпшае ўзаемадзеяньне зь беларускімі структурамі.

Сьвятлана Ціханоўская ў эфіры з Маркам Фейгіным і Аляксеем Арастовічам расказала пра зьмены ўва ўкраінскай палітыцы што да Беларусі, якія адбыліся ў апошні час. Паводле яе, цяпер кантакты паміж Аб’яднаным пераходным кабінэтам і ўкраінскімі афіцыйнымі структурамі сталі рэгулярнымі.

«Вельмі асьцярожна да нас ставіліся, і мы ўсё гэта разумеем, бо нам вельмі доўга давялося расказваць, што адбываецца ў Беларусі, чаму беларусы не паўсталі. І, магчыма, былі нейкія жаданьні дамовіцца з Лукашэнкам.

Але ў апошнія некалькі месяцаў, я б сказала, адносіны прыкметна палепшыліся, паляпшаюцца, бо кожныя два тыдні прадстаўнікі Кабінэту езьдзяць у Кіеў на сустрэчы на розных узроўнях. У нас ёсьць праца і з МЗС, і з адміністрацыяй Зяленскага, і зь Вярхоўнай Радай. У Вярхоўнай Радзе ёсьць група „За дэмакратычную Беларусь“, якая актыўна імкнецца дапамагаць беларусам і на міжнароднай арэне, і ва Ўкраіне, калі нейкія пытаньні ўзьнікаюць. Таксама мы рыхтуем некалькі сумесных канфэрэнцыяў», — сказала яна.

Паводле Ціханоўскай, у Кіеве цяпер бачаць розьніцу паміж рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і беларускім народам. Пра гэта сьведчаць апошнія заявы прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага, дзеяньні МЗС.

«Галоўнае, што зараз у Кіеве адрозьніваюць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. Сам прэзыдэнт Зяленскі зрабіў апошнім часам некалькі заяваў у падтрымку беларусаў. Беларусы гэта бачаць, беларусы гэта шануюць, беларусам гэта надае энэргіі таксама. Таксама, калі вы памятаеце, Украіна адклікала свайго амбасадара нарэшце зь Менску. Гэта таксама вельмі важны сыгнал, бо дастаткова доўга ён знаходзіўся ў Беларусі.

Як я ўжо сказала, у пачатку вайны Ўкраіна мела нейкую надзею дамовіцца з Лукашэнкам, не злаваць, не эскаляваць, маўляў, гэта дапаможа яго стрымаць. Цяпер дзеяньні больш рашучыя. Я думаю, прыйшло разуменьне, што Пуцін і Лукашэнка — гэта адно цэлае, і змагацца зь імі трэба адначасова, бо Лукашэнка будзе служыць Пуціну столькі, колькі трэба. Ён разумее зараз, што саюзьнікаў больш няма, і толькі дзякуючы Пуціну ён можа захаваць сваю ўладу — найважнейшае для яго. Але Лукашэнка не прадстаўляе беларусаў. Беларусы падтрымліваюць Украіну, беларусы як могуць зараз змагаюцца за сувэрэнітэт, незалежнасьць і дэмакратычныя зьмены», — дадала Ціханоўская.

Яна заявіла, што ўзаемадзеяньне беларускіх дэмакратычных сілаў з украінскім бокам не абмяжоўваецца палітычным складнікам.

«Ёсьць шмат кірункаў ня толькі на палітычным узроўні, дзе мы можам супрацоўнічаць з Украінай. Можам разам працаваць на міжнароднай арэне з рознымі структурамі, каб дэмакратычны сьвет быў больш рашучым у падтрымцы Украіны і ў ціску на дыктатараў, бо гэта выгадна нашым абедзьвюм краінам. У інфармацыйнай прасторы можам каардынаваць намаганьні ў барацьбе з прапагандай, бо ў нас вельмі няроўныя сілы. У нас усе незалежныя СМІ выгнаныя з краіны, зьліквідаваныя. Цяпер мы працуем з-за мяжы. Гэта вельмі складана. А там такая вялізная шматмільённая прапагандысцкая машына», — сказала яна.

Ціханоўская заклікала дэмакратычныя сілы Беларусі і ўлады «будаваць гарызантальныя сувязі паміж нашымі грамадзтвамі, бо мы змагаемся з адным ворагам, і змагацца трэба разам.

«Цяпер ня час абвінавачваць адно аднаго ў нечым, мерацца, каму больш балюча цяпер, проста трэба разумець, што як нацыі мы павінны захаваць нашы ўзаемаадносіны і вызваліцца ад гэтага расейскага, рускага сьвету, рускага ярма разам», — заявіла Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG