У магілёўскай школе адкрылі клясу «Юны пракурор». Фатафакт

Фота Генпракуратуры

У сярэдняй школе № 2 Магілёва з пачаткам новага навучальнага году адкрылі профільную клясу «Юны пракурор».

Школьнікаў плянуюць вадзіць у органы пракуратуры, на выязныя суды па крымінальных і грамадзянскіх справах, урачыстыя цырымоніі прынясеньня прысягі і іншыя мерапрыемствы пракуратуры, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Школьнікі будуць насіць форму, падобную да пракурорскай.

На лінейку прыйшлі намесьнік генпракурора Сяргей Хмарук, пракурор Магілёўскай вобласьці Валеры Куліковіч, пракурор горада Магілёва Аляксандар Бароўскі і старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандар Студнёў.

У новую клясу набіралі дзяцей пасьля 9-ай клясы з адзнакамі не ніжэй за 7 балаў па профільных прадметах «Грамадазнаўства» і «Ангельская мова», а таксама зь сярэднім балам не ніжэй за 7, гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 6 месяцаў 2023 году паводле «пратэставых» артыкулаў асудзілі 29 непаўналетніх. Рэпрэсіі ў Беларусі ў лічбах
  • Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і распачатых на гэтай хвалі масавых пратэстаў Генэральная пракуратура стала адным з флягманаў дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату.
  • Дзяржаўныя пракуроры падтрымліваюць абвінавачаньне і нярэдка запытваюць неапраўдана вялікія тэрміны зьняволеньня для абвінавачаных паводле «палітычных» справаў беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама супраць вайны ва Ўкраіне і падтрымкі рэжымам гэтай вайны.
  • Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 2 верасьня ў Беларусі 1506 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВНУ Беларусі цяпер — не ўстановы адукацыі, а палітычныя і прапагандысцкія структуры, — Сьвятлана Мацкевіч