Расейскае нашэсьце. Супрацоўнікі турыстычнай сфэры расказалі пра паводзіны гасьцей з Усходу

Расейскія турысты ў Менску, 2014 год, ілюстрацыйнае фота

Расейскія турысты цікавяцца бульбай, літарай «ў» і валошкамі. Даюць 80% даходу. Просяць зьніжкі. Расказваем пра расейскіх турыстаў у Беларусі.

Свабода пагаварыла зь беларусамі, якія зьвязаныя з турыстычнай сфэрай, пра небывалы наплыў расейскіх турыстаў у Беларусі.

«Яны не паводзяць сябе з выклікам»

Экскурсавод Мацьвей* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС), які ладзіць экскурсіі на захадзе Беларусі, расказаў, што расейскіх турыстаў у Беларусі заўсёды было шмат, асабліва на доўгія выходныя: Новы год, Дзень Перамогі.

«Сёлета расейскіх турыстаў было пэрманэнтна шмат», — кажа Мацьвей.

Гэта былі як самастойныя наведнікі, так і групы, арганізаваныя празь беларускія і расейскія турфірмы, кажа суразмоўца. Іхная прысутнасьць асабліва адчувалася ў цэнтры гарадоў.

«Відавочна больш машын з расейскімі нумарамі ў цэнтры, на кожнай стаянцы каля гатэляў адна-дзьве машыны з расейскімі нумарамі. Традыцыйна расейцамі занятыя ўсе санаторыі», — заўважае суразмоўца.

Прыкладам, у Горадні да канца лістапада забраніраваныя ўсе гатэлі і санаторыі, паведамляў дзяржаўны горадзенскі тэлеканал.

Паводле назіраньняў Мацьвея, у Беларусь прыяжджаюць расейцы рознага статусу, спыняюцца яны і ў люксавых гатэлях, і на найманых кватэрах.

«Ёсьць уражаньне, што паехалі ўжо ўсе, пачынаючы ад простай настаўніцы зь Белгараду і заканчваючы ўладальнікам будаўнічых фірмаў Санкт-Пецярбургу, які рэальна мільянэр», — падсумоўвае ён.

Экскурсавод адрозьнівае расейцаў проста на вуліцах па спэцыфіцы расейскай мовы: беларусы так не гавораць.

«Адчуваецца, што гэтыя людзі ёсьць. Уражаньне, што гэта 50% ад усіх, калі пройдзеш па цэнтры гораду», — мяркуе ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі навуковец Аляксей Ластоўскі наведаў 342 аб’екты UNESCO. Кажа, што больш за ўсіх у сьвеце

Прадстаўнік турсфэры прызнаецца, што, нягледзячы на стэрэатыпы, не заўважыў у расейскіх турыстаў нейкай звышпатрабавальнасьці або нахабнасьці.

«Я б сказаў, што яны бачаць адрознасьць Беларусі і не паводзяць сябе з выклікам, хутчэй наадварот, хваляць. У мяне толькі адзін раз была непрыемная сытуацыя. Гэта быў чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, але паўстагодзьдзя жыве ў Расеі. Ён задаваў дзіўныя пытаньні. Некаторыя калегі мне казалі, што трапляюцца фрыкаватыя расейцы, прыхільнікі „Z“-ідэалёгіі, але гэта вельмі малы адсотак», — кажа ён.

Сам ён бачыў некалькі аўтамабіляў з налепкамі «Z» у Берасьці. Тлумачыць гэта тым, што туды расейцы едуць з настальгіяй па савецкім часе, дзеля Берасьцейскай крэпасьці.

«Расейцы могуць у Беларусі адчуць самыя розныя аспэкты. Трэба савецкае — едзеш у Берасьце. Трэба савецкая сталіца — едзеш у Менск. Трэба эўрапейскага — едзеш у Горадню, прыроду — едзеш у Белавескую пушчу. Мір, Нясьвіж абавязкова глядзяць», — кажа ён.

На думку Мацьвея, калегі з турыстычнай сфэры ня маюць нейкага асаблівага стаўленьня да расейскіх турыстаў.

«Расейцы па сваіх запатрабаваньнях не адрозьніваюцца, прыкладам, ад палякаў. Адначасна па-ранейшаму прыяжджаюць турысты зь Літвы і Латвіі, едзе пэўны кантынгент, прарасейскі. Яны паводзяць сябе найбольш непрыемна. У іх і латвійскія пашпарты, і расейскія пашпарты, яны „рускія са знакам якасьці“», — разважае суразмоўца.

Турысты ў Горадні, архіўнае фота

Чым адрозьніваюцца расейцы, дык гэта даходам, перакананы ён.

«Сярод расейцаў ёсьць настолькі багатыя, што з Эўропы ніколі такія не прыяжджалі. Яны пакідаюць на чай, жывуць у самых дарагіх гатэлях, наймаюць дарагі транспарт, бяруць індывідуальныя паслугі», — расказвае экскурсавод.

На яго думку, дыскамфорту з прыежджымі расейцамі няма таму, што людзі, якія падарожнічаюць, маюць шырэйшы кругагляд.

«Гэта людзі, якія раней езьдзілі ў Фінляндыю, якія бачылі сьвет. Натуральна, што яны спакойныя. Людзі пры грашах, пры поглядах, пры кругаглядзе. Нейкія яны без прэтэнзій сёлета былі. Можа, проста жыцьцё іх такімі зрабіла, вайна», — дзеліцца думкамі Мацьвей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На мяжы можна прастаяць нават 17 гадзін». Ці паехалі турысты з Польшчы, Літвы і Латвіі ў Беларусь пасьля ўвядзеньня «бязьвізу»?

«Што гэта ў вас за літара такая „ў“?»

Настасься, якая працуе ў сфэры паслуг, таксама заўважае, што расейцаў у Беларусі стала больш. Гэта відаць хаця б па тым, што ў цэнтры ходзіць больш людзей, і значная частка іх — расейцы. Жанчына адрозьнівае іх па гаворцы, непадобнай да таго, як на расейскай мове гавораць беларусы.

«Расейцаў цікавяць сымбалі беларускай культуры: арнамэнт, валошка. „А можа ёсьць нешта, зьвязанае з бульбай?“ Яны ходзяць у чырвона-зялёных цішотках. Неяк шукалі цішоткі з нацыянальнымі сымбалямі, а яны ж у нас розныя (дзяржаўныя і гістарычныя. — РС), я ледзь ня ляпнула ня тое», — успамінае суразмоўца.

Паводле ейных назіраньняў, турысты з Расеі заўсёды просяць зьніжкі, беларусы ж так робяць вельмі рэдка.

«Я аднойчы бачыла, як расеец набываў магніцік на 4 рублі і папрасіў зьніжку», — кажа яна.

Жанчына размаўляе па-беларуску. Кажа, што часам па вачох бачыць, што кліент ня ведае беларускай мовы, аднак кепскага стаўленьня да яе не сустракала. Ёсьць людзі, якія замілоўваюцца беларускай мовай, вылучаюць асобныя прыгожыя ці цікавыя ім словы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўмовах вайны і санкцый Беларусь стала найбольш папулярным напрамкам для расейскіх турыстаў

«Ніхто зь іх ніколі не папрасіў мяне перайсьці на расейскую мову», — падкрэсьлівае суразмоўца.

Настасься расказала, як нядаўна мела дачыненьне па працы зь сям’ёй карэнных масквічоў. Яны пачалі гаварыць зь ёю на трасянцы.

«Мужык мне паказвае, што чытае Ларысу Геніюш на пляншэце. Не называе прозьвішча, бо, можа, думае, што гэта „экстрэмізм“, а людзей побач шмат. Кажа: „Чытаю вашую зэльвенскую паэтку. Яна мне так падабаецца. „Споведзь“ — які гэта твор, якая пакутніца!“. Кажа, што прачытаў Караткевіча, Марціновіча дзьве кнігі», — пераказвае Настасься.

Аказалася, што сям’я зацікавіліся беларускай культурай два гады таму, пасьля пратэстаў, перажываюць за беларусаў.

«Напрыканцы яны мне сказалі: „Жыве Беларусь!“. Я ім кажу: „Цішэй-цішэй!“. А яны: „Не пакідайце ж мовы вашай беларускай!“», — успамінае жанчына.

Праблемныя кліенты, зь ейных словаў, бываюць вельмі рэдка.

«Расейскія турысты ня кажуць, што Беларусь — гэта частка Расеі. Яны, наадварот, выдзяляюць беларускую культуру як асобную. Мужчына неяк пытаўся: што гэта ў вас за літара такая — „ў“? Я яго вучыла вымаўляць, у яго, праўда, не атрымалася, але потым ён купіў дзясятак сувэніраў з „ў“. Таксама бачыла расейку ў цішотцы зь вялікай „Ў“», — кажа прадстаўніца турыстычнай сфэры.

Паводле ейных назіраньняў, 80% даходу за дзень у сувэнірнай крамцы даюць расейцы, якія набываюць адразу шмат. Беларусы ж звычайна купляюць адзін які кубак або ўпрыгожаньне.

Нягледзячы на тое, што расейцы робяць значны ўнёсак у беларускі дробны бізнэс, некаторыя прадстаўнікі турсфэры іх недалюбліваюць.

«Мы размаўлялі з калегамі пра гэта. Усе нэгатыўна ставяцца. Лепш бы былі палякі, літоўцы. Няхай у нас ня будзе прыбытку, але гэта ня будуць расейцы, якія б станоўчыя яны ні былі. Усё роўна гэта расейцы», — падсумоўвае суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Валідол, майткі і шакаляд». Што бязьвізавыя турысты вывозяць з Горадні? ФОТА

Беларусь стала самым папулярным кірункам у расейскіх турыстаў

У студзені-траўні 2023 году рост колькасьці расейскіх турыстаў у Беларусі склаў 173% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году, паведамляла Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Беларусь стала самым папулярным кірункам для расейскіх турыстаў, заявілі сёлета ў Расейскім зьвязе турыстычнай індустрыі. Папулярныя спосабы адпачынку: санаторнае аздараўленьне, кароткія сіці-туры і даўжэйшыя экскурсіі, адпачынак у гатэлях за горадам. Беларусь у гэтым сэнсе апярэдзіла Ўзбэкістан, Армэнію, Кіргізстан і Азэрбайджан. У Расеі попыт тлумачаць абмежаваньнем авіязносінаў з Эўропай.

Паводле Рэспубліканскага зьвязу турыстычнай індустрыі Расеі, у 2022 годзе Беларусь наведалі каля мільёна турыстаў з Расеі. Усяго ў 2022 годзе Беларусь наведалі 1,4 мільёна замежных турыстаў, паведамлялі ў Міністэрстве спорту і турызму Беларусі. Намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык паведамляў, што ў 2022 годзе з агульнай колькасьці турыстаў, якія наведалі Беларусь, расейцы склалі 96%. У 2022 годзе ў беларускіх гатэлях зарэгістравалі 540 тысяч расейцаў, у 2021 годзе — 200 тысяч.

Падобныя лічбы былі і ў даковідныя часы. Для параўнаньня, у 2017 годзе Беларусь наведалі 190 тысяч арганізаваных турыстаў, паведамляла Асацыяцыя турапэратараў Расеі. Але рэальная колькасьць «неарганізаваных турыстаў» у разы большая. Паводле МУС Беларусі, за 2017 год у краіну ўехалі больш за мільён расейцаў. У 2019 годзе, паводле Белстату, больш за 200 тысяч арганізаваных расейскіх турыстаў наведалі Беларусь. Падчас пандэміі каранавірусу агульная колькасьць замежных турыстаў у Беларусі ўпала ў разы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве адзначаюць павелічэньне патоку турыстаў зь Беларусі — едуць на адпачынак і за санкцыйнымі таварамі