Украінка Занеўская не паціснула руку беларусцы Сабаленцы на тэнісным турніры US Open 12

Арына Сабаленка

Украінка Марына Занеўская, якая выступае за Бэльгію, не паціснула руку беларускай тэнісістцы Арыне Сабаленцы на US Open, паведамляе выданьне «Спорт-Экспресс».

Сабаленка чакала суперніцы ля сеткі, але Занеўская праігнаравала яе.

«Я прадстаўляю Бэльгію, але ўся мая сям’я застаецца ва Ўкраіне, — патлумачыла свае паводзіны ўраджэнка Адэсы. — Паважаю Арыну як тэнісістку, яна вялікая чэмпіёнка. Гэта маё асабістае рашэньне не паціскаць рукі. Я не асуджаю яе. Яна абараняе сваю сямʼю, а я абараняю сваю. І калі я пацісну ёй руку, гэта будзе тое самае, што плюнуць маім родным у твар».

Украінка Занеўская, якая з 2016 году пачала выступаць у складзе Бэльгіі, займае 112 месца ў міжнародным рэйтынгу тэнісістак WTA, Сабаленка — другое месца. Сёньня ўкраінка прайграла беларусцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары «Ралан Гарос» абараняюць Арыну Сабаленку ад пытаньняў пра Лукашэнку і вайну
  • У сакавіку 2023 году на турніры ў Індыян-Уэлсе з паядынку супраць Сабаленкі дэманстратыўна зьнялася ўкраінка Леся Цурэнка. Пасьля гэтага высьветлілася, што трэнэр Цурэнкі Мікіта Ўласаў падчас спаборніцтваў абражаў Сабаленку, абвінавачваючы яе ў сувязях з Лукашэнкам і патрабуючы яе дыскваліфікацыі.
  • На Адкрытым чэмпіянаце Францыі-2023 спачатку руку Сабаленцы адмовілася ціснуць украінка Марта Касьцюк, а ў чвэрцьфінале Сабаленцы давялося сутыкнуцца з палітычнымі разборкамі ў паядынку яшчэ з адной прадстаўніцай Украіны Элінай Сьвітолінай.
  • Таксама ўкраінка Эліна Сьвітоліна на турніры ў Мадрыдзе адмаўлялася ціснуць руку беларускай тэнісістцы Аляксандры Сасновіч, а пацісканьне рук пасьля гульні беларускі Вікторыі Азаранкі і Эліны Сьвітолінай на Ўімблдоне наогул было скасаванае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскім шахматыстам рэкамэндавалі не паціскаць рукі спартоўцам зь Беларусі і Расеі