У Габоне вайскоўцы заявілі пра захоп улады і скасаваньне вынікаў выбараў прэзыдэнта

Скрыншот з відэа, на якім габонскія ваенныя выступаюць па тэлебачаньні 30 жніўня 2023 г., абвяшчаючы, што яны «пакладуць канец цяперашняму рэжыму» і адменяць выбары

Кіраўнік дзяржавы знаходзіцца на чале афрыканскай краіны ўжо 14 гадоў і плянуе заставацца ва ўладзе яшчэ.

Паводле афіцыйна абвешчаных вынікаў, Алі Бонга Ондымба зноў пераабраны прэзыдэнтам Габону. На выбарах ён нібыта набраў 64,27% галасоў. Ягоны асноўны апанэнт Альбэрт Онда Оса набраў 30,77%.

Яўка выбарнікаў пры гэтым склала толькі 56,65% ад агульнай колькасьці габонцаў, якія маюць выбарчае права.

Аднак на габонскай тэлевізіі неўзабаве пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выступілі вайскоўцы, паведамляе агенцтва AFP. Яны заявілі пра тое, што скасоўваюць выбары і распускаюць дзяржаўныя інстытуцыі.

У сталіцы краіны Лібрэвілі, як заяўляюць журналісты агенцтва, адбываецца страляніна. Пазьней вайскоўцы на тэлевізіі дадалі, што «пакладуць канец дзейнаму рэжыму». Таксама яны заявілі пра тое, што закрываюць межы дзяржавы да наступных апавяшчэньняў.

Супрацоўнікі выбарчых камісій нясуць скрыні для галасаваньня, пакуль людзі чакаюць адкрыцьця выбарчых участкаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Габоне 26 жніўня 2023

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новая зямля: «Дах зносіць». Як настаўніца музыкі за 6 гадоў пажыла ў Азіі, Афрыцы і Эўразьвязе

Габон — дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы, якая стала незалежнай ад Францыі ў 1960 годзе. Насельніцтва рэспублікі складае 2,4 млн чалавек. З 2009 году прэзыдэнтам краіны зьяўляецца Алі Бонга Одзімба, прадстаўнік Габонскай дэмакратычнай партыі. Ён сын Амара Бонга, які нязьменна кіраваў дзяржавай да таго, пачынаючы з 1967 году. Усе прэзыдэнцкія выбары, на якіх заўсёды перамагаў цяперашні кіраўнік, адбываліся на фоне падазрэньняў у фальшаваньні вынікаў.

У 2018 годзе Алі Бонга Одзімба перанёс інсульт, але ўтрымаў уладу, нягледзячы на спробу дзяржаўнага перавароту.

Гэтым летам вайсковы пераварот адбыўся ў іншай афрыканскай дзяржаве — Нігеры. Прэзыдэнта Махамэда Базума арыштавалі. Краіна лічылася найлепшым хаўрусьнікам Эўропы ў рэгіёне. У адрозьненьне ад Габону, выбары ў Нігеры, на якіх перамог Базум, не называлі недэмакратычнымі. Ёсьць інфармацыя, што вайсковая хунта Нігера супрацоўнічае з расейскай ПВК «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хунта Нігера абяцае дыялёг з мэтаю вярнуць грамадзянскае праўленьне