На думку кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргея Алейніка, ЭАЭС, ШАС і БРІКС — саюзы дзяржаў-аднадумцаў, якія «праводзяць адзіную лінію на разьвіцьцё».
«Спалучэньне гэтых структур магло б паскорыць працэсы пабудовы справядлівага інклюзіўнага шматпалярнага сьвету», — сказаў Сяргей Алейнік тэлеканалу АНТ, яго словы прыводзіць «Зеркало».
Ідэю правесьці сумесны саміт для краін – сяброў трох арганізацый выказаў Аляксандар Лукашэнка ў Бішкеку ў сьнежні 2022 году. Цяпер Алейнік агучыў яе зноў.
«Упэўнены, што такая ініцыятыва атрымае разьвіцьцё і дасьць магчымасьць лідэрам гэтых аб’яднаньняў абмеркаваць аб’яднаўчы парадак дня, накіраваны на ўстойлівае эканамічнае разьвіцьцё, на стварэньне лепшых умоў для гандлю, дабрабыту нашых грамадзян і разьвіцьця нашых краін», — падкрэсьліў Алейнік.
Беларусь удзельнічала ў саміце БРІКС у Ёганэсбургу, Алейнік узначальваў дэлегацыю краіны. Таксама стала вядома, што Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў арганізацыю, аднак у садружнасьць прынялі шэсьць новых краін, але не Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У БРІКС прынялі 6 новых дзяржаў, у тым ліку Саудаўскую Арабію. Беларусь не запрасіліТым часам міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў адказаў на пытаньне, ці здолее БРІКС стаць альтэрнатывай G20. Ён ня лічыць, што існуе неабходнасьць у гэтым. Пры гэтым падкрэсьлівае, што пазыцыі пашыранага БРІКС у «дваццатцы» ўзмоцняцца дзякуючы прыёму ў сябры Аргентыны і Саудаўскай Арабіі.
«Фармальны падзел G20 на G7 і „БРІКС плюс“ цяпер набывае практычныя рысы», — дадаў Лаўроў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Алейнік расказаў, наколькі ад санкцый упала доля беларускага калію на глябальных рынкахБРІКС (BRICS) — міждзяржаўнае аб’яднаньне пяці краін: Бразыліі, Расеі, Індыі, Кітаю і ПАР. Абрэвіятура ўтворана з пачатковых літар у назвах гэтых дзяржаў. Арганізацыю стварылі ў чэрвені 2006 году, на гэты момант адбылося 15 яе самітаў. З 1 студзеня 2024 году да арганізацыі далучацца Саудаўская Арабія, ААЭ, Іран, Этыёпія, Эгіпет і Аргентына.
ШАС — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. У склад ШАС уваходзяць Расея і 8 дзяржаваў Азіі: Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. На 2022 год Сакратарыят ШАС месьціўся ў Пэкіне. Рэгіянальная антытэрарыстычная структура знаходзілася ў Ташкенце.
ЭАЭЗ — Мытны зьвяз Эўразійскага эканамічнага зьвязу — адзіная мытная прастора, створаная 6 ліпеня 2010 году ў выніку Менскай дамовы аб Мытным кодэксе. У арганізацыю ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.
G20 — вялікая двадцатка. Фармат міжнародных нарад міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў, якія прадстаўляюць 20 эканомік: 19 найбуйнейшых нацыянальных эканомік і ЭЗ.