Інстытут вывучэньня вайны: гібель Прыгожына стала сыгналам для Лукашэнкі аб скарачэньні прасторы ў перамовах з Крамлём

Стыхійны мэмарыял у Маскве ў памяць пра Яўгенія Прыгожына і кіраўніцтва ПВК "Вагнэр"

«Дамоўленасьці ад 24 чэрвеня паміж Пуціным, Прыгожыным і Аляксандрам Лукашэнкам, пэўна, прызнаныя несапраўднымі пасьля зьнішчэньня самалёта Прыгожына», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што гібель уласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына прымусіць Аляксандра Лукашэнку спыніць абмеркаваньне дамоўленасьці аб разьмяшчэньні вагнэраўцаў у Беларусі, каб не рызыкаваць сваім становішчам.

«Дамоўленасьці ад 24 чэрвеня паміж Пуціным, Прыгожыным і Аляксандрам Лукашэнкам, імаверна, прызнаныя несапраўднымі пасьля зьнішчэньня самалёта Прыгожына, і Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе маўчаць наконт гэтага, каб не правакаваць Пуціна і яшчэ больш не рызыкаваць сваім і без таго ўразьлівым становішчам», — адзначаецца ў справаздачы ISW ад 24 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я ведаў Прыгожына даўно». Пуцін упершыню адрэагаваў на крушэньне бізнэс-джэта Прыгожына

Паводле экспэртаў інстытуту, бясьпека і жыцьцё Яўгенія Прыгожына былі асновай гэтых дамоўленасьцяў.

«Сьмерць Прыгожына, пэўна, скасавала ключавую ўмову гэтых дамоўленасьцяў. Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе маўчаць аб гэтым, каб не правакаваць Пуціна, тым больш што тое, што Лукашэнка вёў беспасярэднія перамовы з Прыгожыным у чэрвені, а потым хваліўся сваёй роляй, якую ён адыграў, вельмі прынізіла Пуціна.

Забойства Прыгожына, магчыма, стала сыгналам для Лукашэнкі як аб рэзкім скарачэньні яго прасторы ў перамовах з Крамлём, так і аб прыхаванай пагрозе ягоным працяглым спробам супраціўляцца інтэграцыйным намаганьням у саюзнай дзяржаве», — напісалі экспэрты ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СМІ: паводле папярэдняй ацэнкі амэрыканскай выведкі, самалёт Прыгожына разьбіўся ў выніку выбуху на борце
  • ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
  • Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
  • 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.