Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінская выведка ня мае дачыненьня да гібелі ў Расеі ўласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.
«Мы ня маем да гэтага дачыненьня. Усе разумеюць, хто дачыненьне мае», — працытавала агенцтва «Інтерфакс-Україна» Ўладзіміра Зяленскага.
«Вы ведаеце, калі Ўкраіна казала і зьвярталася да краін сьвету наконт самалётаў, мы ня гэта мелі на ўвазе. Мы мелі на ўвазе зусім іншае, і мы хацелі падтрымкі, хоць, напэўна, гэта таксама ў нейкім сэнсе дапаможа», — сказаў Уладзімір Зяленскі 24 жніўня журналістам у Кіеве.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) выказалі меркаваньне, што наўрад ці крушэньне самалёта з Прыгожыным выпадковае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут вывучэньня вайны: наўрад ці крушэньне самалёта з Прыгожыным выпадковае- ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
- 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.