Лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі актыўна дэмантуюць. Спадарожнікавы здымак

На эксклюзіўным спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet Labs, які атрымала Свабода, можна заўважыць актыўную фазу дэмантажу лягеру вагнэраўцаў у вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі. Паводле нашых падлікаў, прыбралі ўжо траціну ад усіх намётаў.

Наколькі дазваляе разгледзець здымак за 23 жніўня 2023 году, лягер у паўночнай частцы вайсковай базы пазбавіўся прыкладна 65 намётаў (было каля 129).

У лягеры ў заходняй частцы вайсковай базы дэмантавалі каля 27 (было каля 64).

У цэнтральнай частцы вайсковага лягера прапала каля 9 намётаў з прыкладна 80, што тут знаходзіліся.

Такім чынам, з 273 жылых намётаў каля 101 дэмантавалі. Калі ўлічыць, што кожны з намётаў можа зьмяшчаць каля 20 вайскоўцаў, то можна гаварыць пра тое, што тэрыторыю вайсковай часткі ў вёсцы Цэль маглі пакінуць каля 2020 вагнэраўцаў з прыкладна 5 тысяч, што там знаходзіліся.

Пры гэтым зьмяншэньне колькасьці тэхнікі, калі і ёсьць, невялікае.

Параўнаньне агульнага выгляду лягеру. Зьлева здымак за 1 жніўня 2023 году, справа — за 23 жніўня 2023 году.

Параўнаньне паўночнай часткі лягеру. Зьлева здымак за 1 жніўня 2023 году, справа — за 23 жніўня 2023 году.

Дэмантаж першых намётаў пачаўся прыкладна 1 жніўня.

На спадарожнікавым здымку за 14 жніўня мы маем магчымасьць разгледзець працэс разьбіраньня ў добрай якасьці. Можна заўважыць драўляныя нары для вайскоўцаў, якія там жылі.

Працэс дэмантажу намётаў у паўночнай частцы вайсковай базы. Здымак за 14 жніўня 2023 году.

Куды могуць быць перавезеныя гэтыя намёты і ці пакінулі тэрыторыю Беларусі найміты «Вагнэра», невядома. На тых спадарожнікавых здымках, што мае рэдакцыя, не назіраецца ўтварэньня падобных намётавых лягераў на тэрыторыі іншых беларускіх палігонаў ці вайсковых частка. Але мы працягваем назіраць за сытуацыяй.

У тэлеграм-каналах, зьвязаных з ПВК «Вагнэр», пішуць пра тое, што частку вайскоўцаў адпраўляюць у вялікія водпускі дамоў у Расею, але выглядае, што калі гэта і адбываецца, то ня мае масавага характару. Мы ў чатах бачым асобныя рэдкія паведамленьні пра гэта.

Існуе верагоднасьць, што частку наймітаў «Вагнэра» пачалі перакідваць у Афрыку. Пра гэта таксама ёсьць паведамленьні ў тэлеграм-каналах, зьвязаных з ПВК.

Але таксама можа быць і такое, што частку вагнэраўцаў перакідваюць у іншыя месцы ў Беларусі. Напрыклад, ня так даўно мы паведамлялі пра абсталяваньне зямлянак, прыдатных для пражываньня ў зімовых умовах, на тэрыторыі вайсковага палігону Рэпішча, які знаходзіцца таксама недалёка ад Асіповічаў, за 20 кілямэтраў ад вёскі Цэль. На спадарожнікавым здымку за 31 ліпеня 2023 году відаць каля 30 новых аб’екатаў, якія зьявіліся на гэтым палігоне.

Пра тое, што вагнэраўцаў на тэрыторыі Беларусі можа быць каля 3,5-5 тысяч, заявіў у этэры Polsat намесьнік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік. Таксама ён сьцьвярджае, што «паведамленьні пра тое, што яны зьбіраюцца пакінуць Беларусь, не адпавядаюць рэчаіснасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месцы крушэньня самалёту Прыгожына знайшлі 10 целаў. Сярод пасажыраў значыліся два яго блізкія паплечнікі

Не знайшла пацьверджаньня інфармацыя пра выезд зь Беларусі наймітаў «Вагнэра» і маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

29 ліпеня прэм’ер-міністар Польшы Матэуш Маравецкі заяўляў, што невялікая група вагнэраўцаў, да 100 чалавек, магла быць перакінута на захад Беларусі, у раён Сувальскага калідору. 1 жніўня Лукашэнка адказаў так на гэтую заяву: «Ніякіх атрадаў ПВК „Вагнэр“ у 100 чалавек сюды не перамяшчалася. А калі перамяшчаліся, дык толькі для таго, каб перадаць баявы досьвед брыгадам, якія сканцэнтраваныя ў Берасьці і Горадні».

Вучэньні сапраўды праходзілі на гэтых палігонах з удзелам у тым ліку інструктараў з групы «Вагнэр». Пра шматлікія падрыхтоўчыя заняткі з удзелам інструктараў групы «Вагнэр» неаднаразова паведамлялі прэс-службы і іншых беларускіх сілавых структураў.

Тады ж Лукашэнка заяўляў пра тое, што на аснове вагнэраўцаў ён хоча ствараць беларускае кантрактнае войска.

У сувязі з магчымай учорашняй катастрофай самалёта і сьмерцю кіраўніка «Вагнэра» Яўгенія Прыгожына палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў лічыць, што «гібель Прыгожына і шэрагу іншых кіраўнікоў „Вагнэра“ — гэта вельмі маштабная падзея. Ён загінуў у Расеі, а ня ў Афрыцы. Наступствы гэтага будуць велізарныя для расейскай унутранай палітыкі. Гэта тлустая кропка ва ўсім Z-руху, адным з франтмэнаў якога ён быў. Зараз зусім не зразумела, што будзе зь ягоным бізнэсам, які нібыта яму пакінуў Пуцін. Гэта мае істотнае значэньне і для Беларусі».

Аляксандар Марозаў

«„Вагнэр“ пасьля мяцяжу павінен быў адыгрываць пэўную ролю ў стварэньні пагрозы зь Беларусі для Польшчы і Літвы. Здаецца, што цяпер тое, што называлася вагнэраўцамі, канчаткова перастае існаваць».

Прагноз Аляксандра Марозова такі: ПВК «Вагнэр» будуць усё далей расфармоўваць, разьмяркоўваць па розных іншых падразьдзяленьнях. «Вагнэраўцы ў Беларусі ня будуць перададзеныя на ўтрыманьне нейкаму крамлёўскаму алігарху. Іх перададуць Мінабароны РФ, і ім давядзецца пагадзіцца на ніжэйшыя заробкі. Яны і так цяпер зарабляюць менш, чым зараблялі на фронце ва Ўкраіне ці ў Афрыцы. І я думаю, што праз пэўны час іх зноў перакінуць на фронт ва Ўкраіну. Яны могуць проста падпісаць кантракт зь Мінабароны, могуць і зь любой з 20 ПВК і „добраахвотніцкіх“ фармаваньняў, пра якія казаў расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу. Пуціну вагнэраўцы на тэрыторыі Беларусі ня надта і патрэбныя, калі пытаньне з самім Прыгожыным ужо вырашанае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тое, як ухілілі Прыгожына, падобна да ліквідацыі Гітлерам кіраўніка штурмавікоў СА Рома. Камэнтар Вадзіма Дубнова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар Марозаў

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.