На месцы крушэньня самалёту Прыгожына знайшлі 10 целаў. Сярод пасажыраў значыліся два яго блізкія паплечнікі

Фрагмэнт самалёту пасьля яго падзеньня ў Цьвярской вобласьці,  23 жніўня 2023
Фрагмэнт самалёту пасьля яго падзеньня ў Цьвярской вобласьці, 23 жніўня 2023

Раней паведамлялася пра 8 целаў, якія моцна абгарэлі.

У Болагаўскім раёне Цьвярской вобласьці ўвечары ў сераду разьбіўся прыватны самалёт Embraer, на борце якога, як сьцьвярджае Расавіяцыя, быў кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын.

На месцы крушэньня знойдзены 10 целаў. Агенцтва «Інтэрфакс» заявіла аб завяршэньні пошукава-выратавальнай апэрацыі. Целы вывезьлі ў морг. Не паведамлялася аб тым, што якое-небудзь зь іх апазналі.

Акрамя Прыгожына, у сьпісе пасажыраў таксама былі Дзьмітрый Уткін (пазыўны «Вагнэр») — адзін з камандзіраў ПВК. У сьпісе таксама Сяргей Прапусьцін, Яўгеній Маркар’ян, Аляксандар Тотмін, Валерый Чакалаў, Нікалай Матусееў і тры члены экіпажу.

Сьвежыя навіны і аналіз падзей расказвае тэлеканал «Настоящее время».

Валерый Чакалаў, мяркуючы па ўсім, адзін з кіраўнікоў структур Прыгожына, вядомы як «Ровэр». У прыватнасьці ён быў уладальнікам зьвязанай з Прыгожыным кампаніі, якая прэтэндавала на кантракты на здабычу газу і нафты ў Сырыі ў 2016-2017 гадах. У ліпені 2023 году ён з-за меркаваных сувязяў з Прыгожыным быў унесены ў санкцыйныя сьпісы ЗША. У СМІ яго называлі чалавекам, які адказваў за тылавую лягістыку ПВК «Вагнэр».

Маркар’ян, Тотмін і Прапусьцін, як зьвярнула ўвагу «База», знаходзяцца ў базе дадзеных украінскага праекту «Міратворац» як асобы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр».

Сяргей Прапусьцін, як вынікае з адкрытых крыніц, быў выведнікам-гранатамётчыкам у шэрагах ПВК «Вагнэр». Яўген Маркар’ян таксама быў наймітам ПВК «Вагнэр», ваяваў у Сырыі. Аляксандар Тотмін — ураджэнец Алтайскага краю, па дадзеных «Міратворца», ён у якасьці найміта ПВК нейкі час працаваў у Судане. Пра Матусеева інфармацыю ў адкрытых крыніцах знайсьці не ўдалося.

Самалётам кіравалі камандзір Аляксей Леўшын і другі пілёт Рустам Карымаў. На борце была таксама бортправадніца Крысьціна Распопава.

На самалёце, які разьбіўся, Прыгожын у канцы чэрвеня прылятаў у Беларусь пасьля мяцяжу ПВК.

Што будзе з наймітамі кампаніі, якія знаходзяцца ў Беларусі, пакуль невядома.

​
XS
SM
MD
LG