Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) пачалі пошук доказаў аб наўмысным зьнішчэньні ўласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, хоць і не выключаюць, што адпаведны загад мог аддаць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
«Магчыма, Пуцін пэўны час меў намер пакараць Прыгожына і зьбіты самалёт Прыгожына 23 жніўня быў выпадковасьцю, хоць гэта малаімаверна», — адзначаецца ў справаздачы ISW ад 23 жніўня.
Экспэрты дапускаюць, што Яўгеній Прыгожын перайшоў «чырвоныя лініі», якія былі вызначаныя ў межах дамоўленасьцяў з Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам пасьля мяцяжу 24 чэрвеня. Паводле іх, такімі «чырвонымі лініямі» маглі быць вяртаньне ў інфармацыйную прастору ПВК і ўласна самога Прыгожына і аднаўленьне дзейнасьці па наборы новых наймітаў, каб захаваць прысутнасьць групоўкі ў Афрыцы.
«Магчыма, Пуцін вырашыў, што Прыгожын парушыў дастатковую частку або ўсе дамоўленасьці», — мяркуюць экспэрты.
У справаздачы ISW адзначаецца, што загад на зьнішчэньне Прыгожына можа быць спробай аднавіць дамінаваньне Крамля і «дакладнай помстай за прыніжэньне Пуціна і Міністэрства абароны Расеі ў часе ўзброенага мяцяжу вагнэраўцаў 24 чэрвеня».
«Будучыня ПВК „Вагнэр“ без кіраўніка застаецца няпэўнай. Прыгожын і Уткін, бясспрэчна, былі асобамі ПВК, і іхнае забойства драматычна паўплывае на камандную структуру і брэнд „Вагнэр“. Камандзіры і байцы ПВК могуць пачаць баяцца за сваё жыцьцё або дэмаралізавацца. Умяшаньне Мінабароны і Крамля ў апэрацыі вагнэрацаў і адсутнасьць Прыгожына, які б змагаўся за новыя магчымасьці для ПВК, можа яшчэ больш прывесьці да дэградацыі групоўкі», — адзначаюць экспэрты ISW.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар Марозаў- ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
- 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Тое, як ухілілі Прыгожына, падобна да ліквідацыі Гітлерам кіраўніка штурмавікоў СА Рома. Камэнтар Вадзіма Дубнова