Нягледзячы на тое, што самалёт абсталяваны апаратурай ADS-B, яго адсочвала сыстэма MLAT, каб вылічыць месцазнаходжаньне самалёта на аснове прыёму сыгналаў некалькімі прымачамі ў гэтым раёне, піша Flightradar24.
Прымачы ў сетцы Flightradar24 упершыню атрымалі зьвесткі з самалёта ў 17:46 маскоўскага часу. Да 18:20 самалёт падаваў сыгналы.
Нягледзячы на тое, што самалёт потым не перадаваў інфармацыі пра месцазнаходжаньне, трансьляваліся іншыя дадзеныя, такія як вышыня, хуткасьць, вэртыкальная хуткасць і налады аўтапілёта. Менавіта гэтыя дадзеныя даюць некаторае ўяўленьне пра апошнія моманты палёту.
Пасьля выраўноўваньня на вышыні 8534 м у 18:10 самалёт працягваў ляцець на роўнай хуткасьці да 18:19, пасьля чаго вэртыкальная хуткасьць рэзка зьнізілася, і самалёт ненадоўга зьнізіўся перад выхадам на максымальную вышыню ў 9174 м перад паніжэньнем да 8382 м. Канчатковыя зьвесткі з борту радары атрымалі ў 18:20:14, калі самалёт Прыгожына быў ужо значна ніжэй — на вышыні 6012 м.
Пасьля гэтага ўся сувязь з бортам зьнікла, а неўзабаве ён разьбіўся.
Паводле зьвестак «Росавіяцыі», Яўгеній Прыгожын быў сярод пасажыраў самалёта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар Марозаў- ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.