У Інстытуце вывучэньня вайны не выключаюць, што Прыгожын можа перавесьці вагнэраўцаў зь Беларусі ў Афрыку

Уласьнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын

Зьявіліся новыя паведамленьні аб наборы ў ПВК «Вагнэр» новых рэкрутаў для выкананьня задач на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўласьнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын спрабуе павялічыць прысутнасьць вагнэраўцаў у Афрыцы.

Такую выснову экспэрты абгрунтавалі новымі паведамленьнямі аб наборы ў ПВК новых рэкрутаў менавіта для выкананьня задач на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

У справаздачы ISW за 22 жніўня адзначаюць зьніжэньне заробкаў вагнэраўцаў за працу ў Афрыцы ў параўнаньні з тымі, якія ім абяцалі за ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.

«Значнае зьніжэньне заробкаў супадае зь нядаўнімі паведамленьнямі аб тым, што „Вагнэр“ адчувае фінансавыя цяжкасьці і можа страціць пэрсанал праз скарачэньне заробкаў. ISW працягвае ацэньваць, што новая спроба вэрбаваньня можа сьведчыць аб тым, што Прыгожын спрабуе заключыць кантракт у Афрыцы і накіраваць цяперашні і новы пэрсанал з Расеі і Беларусі», — адзначаюць экспэрты.

У Інстытуце вывучэньня вайны таксама зьвярнулі ўвагу візыт дэлегацыі Міністэрства абароны Расеі ў Лібію 22 жніўня. Экспэрты мяркуюць, што ён можа быць зьвязаны з жаданьнем вайсковага кіраўніцтва Расеі замяніць там вагнэраўцаў на іншыя ПВК, афіляваныя зь Міністэрствам абароны Расеі.

Экспэрты ISW сьцьвярджаюць, што маюць доказы прысутнасьці вагнэраўцаў у Малі, Лібіі і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявілася першае пасьля мяцяжу відэа з Прыгожыным. Ён не ў Беларусі

Што папярэднічала

Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.

19 ліпеня Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў у вёсцы Цэль ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», кіраўніком якога ўказаны Яўгеній Прыгожын. Асноўным відам дзейнасьці таварыства з абмежаванай адказнасьцю са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў заяўлена «кіраваньне нерухомай маёмасьцю».

Пазьней Яўгеній Прыгожын зарэгістраваў у Беларусі яшчэ адну кампанію. Зьвесткі пра яе зьявіліся ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі Беларусі. Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Група Вагнэр» са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў Асіповіцкі райвыканкам зарэгістраваў 4 жніўня 2023 году. Асноўным відам дзейнасьці новай кампаніі заяўленыя «іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі».

Ці зьяўляўся Прыгожын асабіста на тэрыторыі Беларусі пасьля няўдалага мяцяжу ў Расеі, невядома. У ліпені блізкія да Прыгожына тэлеграм-каналы распаўсюджвалі відэа, на якім нібыта вагнэраўцы прыбываюць у Беларусь. Але запіс быў зроблены позна ўвечары, у кепскай якасьці, самога Прыгожына на ім не было відаць. Таксама не заўважаныя знакі, якія б сьведчылі, што відэа запісалі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы заявілі, што мяжу зь Беларусьсю цалкам закрыюць у выпадку агрэсіі з боку ПВК «Вагнэр»

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.