Цэнтарвыбаркам Беларусі больш ня будзе друкаваць сьпісы чальцоў выбарчых камісій

Ігар Карпенка

Паводле кіраўніка выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, так ЦВК плянуе абараніць людзей, якія арганізоўваюць выбары, ад «булінгу і ціску з-за мяжы».

У Менску прайшло паседжаньне ЦВК Беларусі. Кіраўнік камісіі Ігар Карпенка адзначыў, што ў наступнай выбарчай кампаніі ў якасьці сяброў камісій будзе ўдзельнічаць каля 70 тысяч чалавек.

Паводле Карпенкі, якое цытуе БелТА, імёны арганізатараў выбараў даведацца выбарнік зможа, але адзіных сьпісаў не будзе.

«У адпаведнасьці з заканадаўствам аб абароне пэрсанальных зьвестак мы ня будзем ствараць глябальныя сьпісы. Раней інфармацыя аб усіх гэтых грамадзянах, якія працуюць на грамадзкіх пачатках, выкладалася ў агульны доступ, і гэта станавілася глебай для арганізацыі рознага роду булінгу, пагроз і іншага.

Цяпер гэтага ня будзе, у заканадаўства адпаведная норма закладзена. Але гэта ня значыць, што людзі будуць безназоўнымі: прыйшоўшы да сябе на выбарчы ўчастак, вы ўбачыце там чальцоў выбарчай камісіі з адпаведнымі бэйджамі. Але друкаваць сьпісы ў тым аб’ёме, які потым за мяжой стане абʼектам вывучэньня і веерных рассылак праз інтэрнэт і тэлефонных званкоў, — гэтага ня будзе», — сказаў Ігар Карпенка.

Наступныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ўлады заплянавалі на 2024 год ў рамках адзінага дня галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2024. Удзельнічаць? Байкатаваць? Ігнараваць? Абмеркаваньне палітолягаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: гадавіна прэзыдэнцкіх выбараў-2020