Украінскія пілёты пачалі выпрабаваньні швэдзкіх самалётаў Gripen

Самалёт Gripen.

Украінскія пілёты прыступілі да выпрабаваньняў швэдзкіх зьнішчальнікаў Gripen. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Швэцыі Ўльфам Крыстэрсанам у Стакгольме.

«У небе ў нас няма перавагі. У нас няма сучасных самалётаў. Швэдзкі Gripen — гэта гонар вашай дзяржавы. І я лічу, што такім гонарам прэмʼер-міністар мог бы падзяліцца з Украінай. Мы таксама будзем гэтым ганарыцца вельмі моцна», — перадае словы Зяленскага УНІАН.

Акрамя таго, паводле слоў Зяленскага, у часе перагавораў абмяркоўвалася сумесная вытворчасьць швэдзкіх БМП CV-90 на тэрыторыі Ўкраіны.

«Зробім усё магчымае, каб першая вырабленая ва Ўкраіне CV-90 зьявілася як мага хутчэй», — заявіў Зяленскі.

Крыстэрсан не згадаў Gripen у сваім выступе, але асудзіў ракетны абстрэл Расеяй гораду Чарнігаў у суботу, у выніку якога сем чалавек загінулі і 117 атрымалі раненьні.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Нікіфараў заявіў у эфіры тэлемаратона, што, тэарэтычна, да перадачы зьнішчальнікаў Gripen Украіне застаецца тры крокі.

«Цяпер тэставаньне самалётаў, потым трэніроўкі, потым палітычная згода, і толькі потым прадастаўленьне гэтых самалётаў. Пакуль гэта тэарэтычна. Глядзім, што можам зрабіць», — заявіў ён.

  • Раней у суботу, 19 жніўня, Уладзімір Зяленскі прыбыў з візытам у Швэцыю. Гэта першы візыт прэзыдэнта Ўкраіны ў Швэцыю з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 года.
  • 17 жніўня парлямэнт Швэцыі ўхваліў перадачу Ўкраіне новага пакета дапамогі агульным коштам 3, 25 мільярда швэдзкіх крон (прыкладна 270 мільёнаў эўра). Чакаецца, што Кіеў атрымае боепрыпасы і запчасткі, а таксама грузавікі і абсталяваньне для разьмініраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон падрыхтаваў новы пакет дапамогі Ўкраіне ў галіне супрацьпаветранай абароны