Памежная служба Літвы: Рызыка гібелі людзей, правакацый, інцыдэнтаў на мяжы зь Беларусьсю вельмі высокая

Кіраўнік памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас.

Кіраўнік памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас лічыць, што ня варта пераацэньваць магчымасьці «вагнераўцаў» у Беларусі, але папярэджвае аб патэнцыйнай пагрозе, якую нясе ПВК «Вагнер» краінам усходняй Эўропы.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

На пытаньне, якая цяпер сытуацыя на польскай, літоўскай мяжы зь Беларусьсю, генэрал Любаевас адказаў:

«Я б, напэўна, сказаў, што сытуацыя стабільная, але вельмі напружаная. Справа ў тым, што ў нашым рэгіёне існуюць рызыкі, якія ня толькі датычацца звычайнай незаконнай дзейнасьці, такой, як кантрабанда тавараў, але і зьвязаныя з канфліктам Расеі і Ўкраіны. Больш за тое, Беларусь у гэтым сэнсе зьяўляецца часткай агрэсіі. Мы бачым, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны. Абстаноўка ў нашым рэгіёне вельмі напружаная яшчэ і з прычыны прысутнасьці ў Беларусі групы «Вагнер».

7 жніўня група «Вагнер» распачала сумесныя вучэньні з беларускімі вайскоўцамі побач зь літоўскай мяжой. У гэтай сувязі генэрал Любаевас сказаў, што ў Літвы «пакуль няма вялікіх тэхнічных магчымасьцяў назіраць за сытуацыяй на тэрыторыі Беларусі... У гэтым пляне мы, галоўным чынам, пакладаемся на інфармацыю, якую падаюць нашы саюзьнікі і партнэры. За сытуацыяй у Беларусі сочаць NATO, службы нацыянальнай бясmпекі ў Літве, таму мы атрымліваем усю неабходную інфармацыю. На мяжы мы не адзначаем ніякай незвычайнай дзейнасьці, якую можна было б прыпісаць «вагнераўцам».

Адносна ж патэнцыйных рызыкаў, якія нясе знаходжаньне групы «Вагнер» у суседняй краіне, кіраўнік Памежнай службы Літвы сказаў:

«Я б ня стаў пераацэньваць рызыкі. Мы павінны вельмі ўважліва ставіцца да іх прысутнасьці, таму што яны зьяўляюцца фактарам дэстабілізацыі ў рэгіёне. Але я б не пераацэньваў магчымасьці групы «Вагнер». І хоць я не чакаю адкрытай ваеннай агрэсіі супраць члена ЭЗ і NATO, рызыка гібелі людзей і правакацый, інцыдэнтаў на мяжы застаецца вельмі высокай. Так што, паўтаруся, з майго пункту гледжаньня гэта фактар рызыкі, але проста цяпер я б не пераацэньваў рызыкі, якія зыходзяць ад групы «Вагнер».

  • Раней на гэтым тыдні прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што 7 жніўня ў краіне пачынаюцца чарговыя вайсковыя вучэньні.
  • Камандна-штабное вучэньне праходзіць з 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадай на Госкім палігоне ў Горадзенскай вобласьці. Ён за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад межаў з Польшчай і Літвой.
  • Непадалёк — так званы Сувальскі калідор (памежныя тэрыторыі Польшчы і Літвы, які месьцяцца паміж тэрыторыяй Беларусі і Калінінградзкай вобласьцю Расеі.