Выведка Вялікай Брытаніі: Расея хоча паказаць, што беларускае войска рыхтуецца супрацьстаяць NATO

Перамяшчэньне вайсковай тэхнікі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

«Расея амаль напэўна імкнецца прадэманстраваць, што беларускія сілы рыхтуюцца супрацьстаяць NATO», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што вучэньні 6-й асобнай мэханізаванай брыгады ў Горадзенскай вобласьці Беларусі на мяжы з Польшчай і Літвой — частка звычайнай падрыхтоўкі, хоць у іх плянуюць залучыць інструктараў-«вагнэраўцаў».

«Гэтыя спэцыфічныя вучэньні, хутчэй за ўсё, ёсьць часткаю звычайнага цыклю падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў. Базавы гарнізон 6-й брыгады месьціцца ў Горадні, і малаімаверна, што яна цяпер разгорнутая з сродкамі забесьпячэньня, неабходнымі, каб зрабіць яго баяздольным. Тым ня менш, Расея амаль напэўна імкнецца прадэманстраваць, што беларускія сілы рыхтуюцца супрацьстаяць NATO», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЭЗ: Вучэньні Беларусі на мяжы з Польшчай — правакацыя, якую трэба разглядаць у кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны

7 жніўня прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб правядзеньні камандна-штабнога вучэньня з 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадай. Яно адбываецца на палігоне «Госкі» у Горадзенскім раёне.

У вучэньні анансавалі «актыўнае выкарыстаньне досьведу спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі ва Ўкраіне, у тым ліку трэнінг у запуску бесьпілётнікаў, цеснага ўзаемадзеяньня танкавых і мотастралковых падразьдзелаў зь іншымі відамі войскаў, а таксама эвакуацыі параненых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь папярэдзіла АБСЭ аб правядзеньні «самага буйнога вайсковага мерапрыемства» ў верасьні