Сьвятлана Ціханоўская: «Нельга дапусьціць, каб Беларусь была аддадзеная Пуціну як нейкая ўзнагарода». ВІДЭА

Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023».

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» расказала карэспандэнту Свабоды пра крытыку дэмакратычнай супольнасьці, новыя выклікі, дыялёг з палком Каліноўскага і ці ёсьць зьвесткі пра Сяргея Ціханоўскага.

Вось як Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньне Свабоды пра сучасныя выклікі перад беларускай дэмакратычнай супольнасьцю:

«Як мы чулі на першай панэлі, найперш гэта недахоп чалавечых рэсурсаў. Многія беларусы, якія выехалі, будуюць уласнае жыцьцё, уласныя бізнэсы і не ангажуюцца ў грамадзкае жыцьцё, у падтрымку тых, хто ў Беларусі і ў турмах. Гэта надломвае людзей. Ты аддаеш усяго сябе барацьбе, а цябе крытыкуюць: вось гэтага не дасягнулі і вось таго. Гэта таму, што не хапае чалавечых рэсурсаў, не хапае фінансаў. У нас няма сыстэмы, якая б інстытуцыянальна падтрымлівала палітыкаў. Так, у нас ёсьць партнэры, але калі людзі ўключацца ў падтрымку тых актывістаў, якія працуюць на зьмены ў Беларусі, тады да іх будзе і больш патрабаваньняў.

Грашовае пытаньне заўсёды мусоліцца, і прапаганда яго ўздымае. Так, не хапае грошай і не хапае ўвагі з боку міжнародных структур, бо ўвесь фокус на Ўкраіне. Мы, вядома, гэта падтрымліваем, але і вельмі цяжка змагаемся, каб фокус не губляўся і зь Беларусі.

Нам шмат трэба. Трэба, каб Беларусь заставалася ў парадку дня і была ўключаная ў перамовы аб будучай канструкцыі бясьпекі ў рэгіёне. Цяпер шмат кажуць, што Беларусь можа быць аддадзена Пуціну як нейкая ўзнагарода, і гэтага нельга дапусьціць...

Я вельмі ганаруся, што сёньня прыйшло вельмі шмат людзей, і яны маюць магчымасьць пагутарыць адзін з адным».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбылася канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023». ТЭКСТ, ФОТА, ВІДЭА

Таксама Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньне Свабоды пра кантакт зь людзьмі ў Беларусі:

«Я магу адказаць за сябе. У мяне ёсьць асабістыя размовы зь людзьмі зь Беларусі, прыходзіць вельмі шмат. Я таксама ўпэўненая, што кожная ініцыятыва і кожнае мэдыя, якія выехалі, таксама маюць кантакты з тымі, хто ў Беларусі. Такім чынам акумулюецца інфармацыя зь Беларусі, і мы можам адчуваць, чым людзі жывуць. Вось ужо кажуць, што дэмакратычныя сілы ўжо не рэлевантныя. Не, яны рэлевантныя, людзі цікавяцца, проста ня могуць пра гэта адкрыта гаварыць. І хоць свабодныя мэдыя ў краіне забароненыя, людзі знаходзяць шляхі, каб данесьці сваю пазыцыю».

Камэнтуючы заяву прадстаўніка палку імя Кастуся Каліноўскага Паўла Кухты, што яны прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую нацыянальным лідэрам, яна сказала:

«З самага пачатку вайны ў мяне быў прадстаўнік, які заўсёды кантактаваў з палком Каліноўскага. Гэта былі нефармальныя размовы, але трэба было, каб я разумела, што там адбываецца. І Павал Латушка, і Валер Кавалеўскі, калі езьдзілі ва Ўкраіну, заўсёды сустракаліся з прадстаўнікамі палку. Але ў іх не было ініцыятывы выходзіць на нейкі новы ўзровень. Мы гэта разумелі. Але вось нядаўна адбылася такая першая паўафіцыйная сустрэча, калі прадстаўнікі майго Офісу і Кабінэту паехалі на сустрэчу. Гэта было знаёмства, бакі як бы прамацалі адзін аднаго. Далей нашы адносіны будуць разьвівацца».

Наконт інфармацыі ад мужа Сяргея Сьвятлана Ціханоўская сказала:

«9 жніўня будзе пяць месяцаў, як я нічога ня чула ад яго. Кожны месяц улады нечага Сяргея пазбаўляюць. Яшчэ два месяцы таму яшчэ можна было яму замаўляць кнігі, а цяпер і гэта спынілі. Пяць месяцаў ніводнага ліста ад яго. Дзеці працягваюць пісаць, але больш нічога я ня ведаю».

  • 6 жніўня ў Варшаве Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада разам праводзяць канфэрэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмяркоўваюць супольныя дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў за гэты час, а таксама далейшыя пляны і бачаньне будучыні Беларусі.

У канфэрэнцыі бяруць удзел больш як 200 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў

Пытаньні да сьпікераў і ўдзельнікаў канфэрэнцыі можна задаваць у камэнтарах да трансьляцыі, мадэратары і вядоўцы будуць задаваць іх удзельнікам. Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, раяць у мэтах бясьпекі не рэпосьціць, ня лайкаць і не камэнтаваць этэр са сваіх пэрсанальных акаўнтаў.

Паводле папярэдніх зьвестак, у канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» меліся ўзяць удзел 158 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў, паведаміў BPN галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Акрамя таго, паводле яго інфармацыі, чакаецца ўдзел 16 актывістаў, 10 прадстаўнікоў бізнэсу і 81 прадстаўніка мэдыясупольнасьці.

Запрашэньні на канфэрэнцыю адправілі 152 прадстаўнікам палітычных структур, а таксама 7 былым палітвязьням і чальцам сем'яў палітвязьняў.