Чым могуць скончыцца «жарты» Лукашэнкі. Тлумачыць экс-прадстаўнік NATO

Робэрт Пшчэль, каляж

Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што 1 жніўня два беларускія верталёты парушылі польскую паветраную прастору. Міністэрства абароны Беларусі назвала гэта надуманымі абвінавачаньнямі. У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка назваў жартам свае ранейшыя словы пра тое, што найміты ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца ў Беларусі, казалі яму пра свае пляны «схадзіць на экскурсію» ў Польшчу.

Крызіс у беларуска-польскіх стасунках камэнтуе Робэрт Пшчэль, старшы навуковы супрацоўнік Фонду Пуласкага, былы кіраўнік бюро NATO ў Маскве.

Фрагмэнты гутаркі:

Пра інцыдэнт на мяжы

— Сёньня сытуацыя вельмі небясьпечная з гледзішча такіх правакацый. Тут было б някепска памятаць тое, што адбылося ў 2015 годзе, калі два самалёты Расейскай Фэдэрацыі ня раз парушылі паветраную прастору над Турэччынай.

Тады былі папярэджаньні ня толькі ад самой Турэччыны, але і ад NATO. На жаль, адбыўся новы інцыдэнт, і самалёт быў састрэлены.

Хацелася б, каб у Менску зразумелі — калі будуць дадатковыя інцыдэнты, гэта можа прывесьці да такога сцэнару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Міністэрства абароны Беларусі адмаўляе

Ці маглі ў паветраную прастору Польшчы выпадкова заляцець верталёты, якія займаюцца аховай Лукашэнкі?

— Вайсковыя экспэрты ў Польшчы (і ня толькі) лічаць, што гэта малаверагодна. Але калі такія людзі займаюцца транспартам і аховай Лукашэнкі, дык яму лепш было б іх памяняць, бо тады яны ня ведаюць, дзе знаходзяцца.

Пра заявы Лукашэнкі наконт Польшчы:

— Усё гэта найперш варта разглядаць як частку кампаніі дэзынфармацыі, якую вядзе рэжым у Маскве і рэжым у Менску. Гэта небясьпечная гульня, нават калі гэта «жарты».

Ці маглі словы Лукашэнкі пра «жарт» быць выкліканыя тым, што ён сам спалохаўся інцыдэнту на мяжы?

— Калі ён сапраўды спалохаўся, дык гэта нават някепска пра яго кажа. Бо гэта значыла б, што там яшчэ ёсьць элемэнты рацыянальнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым пагражае канфлікт на мяжы Беларусі і Польшчы

Што адбывалася раней

Паводле польскага боку, 1 жніўня адбылося парушэньне паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі верталётамі, якія праводзілі вучэньні паблізу мяжы.

«Перасячэньне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленьне радарамі, — гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Польшчы. — Таму ў ранішнім паведамленьні Апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сілаў паведаміла, што польскія радыёлякацыйныя сыстэмы не зафіксавалі парушэньня паветранай прасторы Польшчы».

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.

Пра інцыдэнт паведамілі ў NATO.

Міністэрства абароны Беларусі ў адказ заявіла: «Абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА зьяўляюцца надуманымі і былі зроблены польскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўданьня нарошчваньня сіл і сродкаў каля беларускай мяжы».

Расьсьледвальная група «Беларускі Гаюн» зрабіла выснову, што верталёты беларускай арміі маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы выпадкова.