Міжнародны Чырвоны Крыж адхрысьціўся ад паездак Шаўцова на акупаваны Расеяй Данбас

Дзьмітры Шаўцоў. Архіўнае фота

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (IFRC) паведаміла, што даведалася са СМІ пра візыт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў Луганск і Данецк, пра які той расказаў у сюжэце БТ.

«Нам не паведамілі пра гэты візыт, і мы ня ўдзельнічалі ні ў якіх мерапрыемствах, уключаючы вываз дзяцей», — паведамілі ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа.

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца «надзвычай сур’ёзна ставіцца да дзеяньняў любога з нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа або Чырвонага Паўмесяца, якія супярэчаць гуманітарнай місіі арганізацыі, асноватворным прынцыпам і палітыцы».

У сувязі з гэтым IFRC перадала гэтую справу ў Камітэт па выкананьні патрабаваньняў і пасярэдніцтве, які, паводле Канстытуцыі арганізацыі, расьсьледуе і ліквідуе меркаваныя парушэньні добрасумленнасьці.

«Надзвычайныя абставіны гэтага візыту, уключаючы выкарыстаньне сымбаля, які асацыюецца з адным з бакоў міжнароднага ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне, закранаюць асноўныя прынцыпы міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Візыт і зьвязаныя зь ім мерапрыемствы не былі ўзгодненыя зь іншымі кампанэнтамі руху, як таго патрабуюць нашы ўнутраныя правілы і прадпісаньні.

Гэтыя дзеяньні рызыкуюць падарваць давер да нашай працы ў падтрымцы супольнасьцяў, якія маюць патрэбу, кім бы яны ні былі і па які б бок фронту яны ні знаходзіліся. Вельмі важна, каб усе кампанэнты міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі сваю незалежнасьць ад урадаў і носьбітаў зброі».

Міжнародны офіс паведамляе, што зьвязаўся зь беларускім Чырвоным Крыжам, каб выказаць заклапочанасьць і спыніць любую падобную дзейнасьць у будучыні, гаворыцца ў заяве.

Таксама ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа адзначылі, што кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа не выступае ад імя IFRC або якога-небудзь іншага кампанэнта руху і ягоныя заявы не адлюстроўваюць пункту гледжаньня ўсёй арганізацыі.

«Усе сябры Нацыянальнага грамадзтва IFRC зьвязаны асноватворнымі прынцыпамі руху, нашымі ўнутранымі правіламі і палітыкай, уключаючы палітыку IFRC у галіне абароны, гендара і інклюзіўнасьці, у якой яны абавязваюцца забясьпечваць абарону дзяцей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа

Днямі генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. На гэта зьвярнуў увагу сайт «Зеркало».

«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыяжджаюць да нас на аздараўленьне. І, шчыра кажучы, справа ў тым, што і беларускі Чырвоны Крыж браў у гэтым — і бярэ, і будзе браць — актыўны ўдзел», — заявіў Дзьмітры Шаўцоў.

Украінскі Чырвоны Крыж празь некаторы час выступіў з афіцыйнай пазыцыяй адносна незаконнай дзейнасьці Беларускага Чырвонага Крыжа на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.

Арганізацыя заклікала Міжнародную фэдэрацыю таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ўсе нацыянальныя таварыствы Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца асудзіць удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і іхных дзеяньняў у межах міжнародна прызнаных дзяржаўных межаў Украіны і разгледзець пытаньне аб выключэньні беларускага Чырвонага Крыжа з Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

19 ліпеня з заклікам да Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордар на арышт Дзьмітрыя Шаўцова выступіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба.

Падчас сваёй папярэдняй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі.

У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа заявілі, што вывучаюць гэты інцыдэнт.

18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.

Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа пацьвердзіў удзел арганізацыі ў вывазе дзяцей з Украіны