У мора каля расейскага гораду Ейску ўпаў штурмавік Су-25. Пілёт, імаверна, загінуў

Ce-25

У Краснадарскім краі РФ каля Ейску ў Азоўскае мора ўпаў штурмавік Су-25. Пра гэта спачатку паведамілі тэлеграм-каналы, пазьней інфармацыю пацьвердзілі ў Паўднёвай вайсковай акрузе (ПВА) Расеі.

Паводле расейскай ПВА, самалёт пацярпеў крушэньне пры выкананьні вучэбна-трэніровачнага палёту. Папярэдняя прычына крушэньня — адмова рухавіка.

ТАСС са спасылкай на крыніцу ў экстранных службах Кубані піша, што пілёта, якога з вады дасталі ратавальнікі, рэанімуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі разьлічваюць наладзіць фінальную зборку расейскіх вайсковых самалётаў Су-25

Тэлеграм-каналы Mash і 112 пазьней паведамілі, што пілёт загінуў. «Папярэдняя прычына — утапленьне. Яго спрабавалі рэанімаваць у машыне хуткай дапамогі, пасьля таго як дасталі з вады, але выратаваць яго не ўдалося», — гаворыцца ў паведамленьні.

Самалёт, як паведамляе Baza, тырчыць з вады, бо ў раёне падзеньня было неглыбока.